Грошы на памятную шыльду Васілю Быкаву сабралі за пяць дзён
Грошы на памятную шыльду Народнаму пісьменніку Васілю Быкаву ўдалося сабраць за пяць дзён. Пра гэта ў сваім акаўнце на Фэйсбуку паведамляе арганізатар акцыі Глеб Лабадзенка.
Усталяваць шыльду плануецца на мінскім доме, у якім пісьменнік пражыў больш за 20 гадоў.
Па словах Лабадзенкі, за пяць дзён ад грамадзян было сабрана 32% неабходнай сумы. Пасля гэтага да яго звярнулася віцебская фірма "Рубікон", якая займаецца вытворчасцю лекаў, і прапанавала дадаць астатнюю неабходную суму. Такім чынам, збор грошай на шыльду завершаны.
Цяпер, па словах актывіста, пачнецца працэдура ўзгаднення і ўласна стварэння шыльды. Лабадзенка спадзяецца, што да канца 2018 года ўдасца ўсё завяршыць.