Грунвальд: 600 год, +40 С і 200 тысяч удзельнікаў (фота)

Сёлета маштаб святкавання круглых угодкаў перамогі “нашых” над крыжакамі пераўзыйшоў усе чаканні. Столькі людзей у чыстым полі Грунвальд не бачыў яшчэ ніколі. Паводле гісторыкаў, у той самы дзень 15 ліпеня 1410 года было таксама горача, а ваяроў на полі было 66 тысяч. У войску ВКЛ і Польшчы было больші рыцараў, але амаль у 5 разоў менш гармат. Войска ордэна складалася з нямецкіх, французскіх, швейцарскіх, ангельскіх рыцараў, а саюзная армія – з беларускіх, літоўскіх, польскіх, украінскіх, валашскіх, чэшска-мараўскіх, вугорскіх і татарскіх атрадаў.



Войска Тэўтонскага ордэну пад камандаваннем Ульрыка фон Юнгінгена і аб’яднаныя войскі Польскага каралеўства і ВКЛ пад камандаваннем караля Ягайлы і князя Вітаўта сышліся ў бітве на ўзгоркавым полі паміж прускімі мястэчкамі Грунвальд і Танэнбэрг. “Нашыя” перамаглі, і тэўтонская армія перастала існаваць і несці небяспеку ўсходнім землям.





Праз 600 год бітву інсцэнавалі з дакладнасцю да дробязяў больш за 2.000 рыцараў з Польшчы, Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Нарвегіі, Фінляндыі, Чэхіі і іншых краін.

Грунвальдская бітва пачалася залпам ордэнскіх бамбард, якія не нанеслі шкоды саюзным войскам. Потым у бітву ўступіла татарская конніца, войска Вітаўта, але немцы адкінулі іх назад. З дапамогай смаленскага палка польскія харугвы перайшлі ў наступленне і прарвалі фронт войска Ліхтэнштэйна. Калі вялікі магістр кінуў на змаганне рэзерв, Ягайла і Вітаўт акружылі крыжакоў, а кіраўнікі ордэна і Ульрых фон Юнінген загінулі на полі бітвы.















У 1960 годзе на месцы змагання быў усталяваны помнік у выглядзе мячоў, уторкнутых у зямлю.



Трапіць у якасці ўдзельніка ад Беларусі было не так проста: рэгістрацыя для рыцараў скончылася за 3 месяцы да падзеі, а для рэгістрацыі трэба было даслаць на “кастынг” арганізатараў свой фотаздымак у касцюме і ў даспеху. Удзел жанчын у бітве быў катэгарычна забаронены, можна было толькі насіць воду на поле. Афіцыйна ад Беларусі ў Грунвальдскай бітве удзельнічалі 200 чалавек ад 29 клубаў.









На полі можна было ісці на беларускія нацыянальныя сцягі як на маякі: менавіта такім чынам мы знайшлі Артура, рыцара з Гарадзенскай харугвы.



-    Мы з Гарадзенскай харугвы! Будзем удзельнічаць у бойцы, сваю прысутнасць тут заяўляем вось гэтым сцягам, які лунае па-над усім Грунвальдам. Як нашых будуць біць, дык мы ўсім тут дадзім!

У трохдзённай праграме Дзён Грунвальду ў Польшчы была ўрачыстая прамова прэзідэнта Польшчы, прыбыццё караля Уладзіслава Ягайлы і Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена з коннымі харугвамі на Грунвальдскае поле, сярэднявечныя народныя гулянні і кірмаш у рамесніцкім пасяленні, рыцарскі турнір і Фестываль агню.
Інсцэніроўка бітвы пачалася 17 ліпеня ў 14.00. 
















На святкаванне прыехала каля 200 тысяч чалавек. Ад вялікай колькасці людзей пацярпела арганізацыя мерапрыемства: кожныя 10 хвілін на поле прыязжалі машыны хуткай дапамогі, пасля бітвы у продажы амаль не было вады (толькі піва ды кока-кола), на узгорку для назіральнікаў ужо з самае раніцы не было куды ўпасці яблыку, шмат каму станавілася млосна ад сонца, медыкі не спраўляліся з такой колькасцю хворых. Гук сірэн аператыўных машын перабіваў гук валынкі, там жа, недалёка ад поля, стаялі забаўляльныя атракцыёны, быў разбіты кірмаш з самаробнымі сувенірамі – ад фібул да сапраўдных мячоў. Такая колькасць ног падняла пыл высока на ўсёй тэрыторыі святкаванняў, і месцамі зусім не было чым дыхаць. Біяпрыбіральні былі платныя – па 1 злотаму (900 руб.), а паўлітра вады можна было набыць за 5 злотых. На полі бітвы прадавалі попкорн, а ад такой колькасці машын на трасах на ўезд і выезд былі даўжэзныя коркі, у якіх людзі стаялі па 2-5 гадзін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі