Грызлоў расказаў, чаго Расія чакае ад беларускага канстытуцыйнага рэферэндуму

Барыс Грызлоў / РІА "Новости"
Барыс Грызлоў / РІА "Новости"

Для Расіі важна, каб у Беларусі "былі створаныя надзейныя ўмовы для стабільнага эканамічнага росту і ўсёабдымнай грамадзянскай згоды на працяглую перспектыву". Пра гэта заявіў прызначаны пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў у інтэрв'ю агенцтву ТАСС. Так ён адказаў на пытанне аб яго ацэнцы канстытуцыйных рэформаў у краіне.

Грызлоў падкрэсліў, што ацэньваць рэформы павінен толькі беларускі народ. Але пры гэтым заявіў, што "наўрад ці хтосьці з разважных людзей рызыкне спрачацца, што падмуркам" развіцця Беларусі і "найважнейшай умовай спакойнай упэўненасці беларусаў у заўтрашнім дні з'яўляецца шматпланавая падтрымка з боку Расіі" і саюзная інтэграцыя. 

У Грызлова таксама спыталі аб ваенным супрацоўніцтве дзвюх краін і магчымасці з'яўлення на тэрыторыі Беларусі паўнавартасных ваенных баз. Наўпрост на гэтае пытанне ён не адказаў. Але нагадаў аб новай ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы, якая была зацверджаная ў лістападзе 2021 года. У ёй улічаныя ўсе новыя пагрозы, "у тым ліку і новыя, аж да тэхналогій "каляровых рэвалюцый", правакавання ўнутранай дэстабілізацыі з выкарыстаннем прыватных вайсковых структур, кібертэхналогій, экстрэмісцкіх элементаў", — адзначыў ён.

Адказваючы на гэтае пытанне, Барыс Грызлоў казаў і аб пашырэнні NATO, і аб павелічэнні кантынгенту на польска-беларускай мяжы на фоне міграцыйнага крызісу. "Вядома, гэта не застаецца незаўважаным", — сказаў ён. Падводзячы вынік, новы пасол адзначыў, што "пытанні аб ваенных базах, цэнтрах падрыхтоўкі, развіцці сістэмы СПА, пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і так далей варта разглядаць у рамках згаданай ваеннай дактрыны".

Выразна не адказаў Барыс Грызлоў і на пытанне, ці ёсць шанец, што расійскія грамадзяне Ягор Дуднікаў і Сафія Сапега, якія ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі, могуць быць вызваленыя ці хаця б перададзеныя Расіі, каб яны адбывалі пакаранне на радзіме.

"Дапамога грамадзянам нашай краіны, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — гэта адна з важных задач пасольства", — сказаў Грызлоў. 

Барыс Грызлоў зменіць на пасадзе пасла Расіі ў Беларусі Яўгена Лук'янава, які не адпрацаваў і года. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка лічыць, што прызначэнне Грызлова — гэта "гістарычны выклік для нашага суверэнітэту", таму што "гэта чалавек, якому пастаўленая задача стварэння саюзнага парламента на працягу года як рэальнай структуры ўлады".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі