ГУМ змяняе фармат па прыкладзе лонданскага Harrods ды берлінскага KaDeWe

Мінскі ГУМ пачынае рэалізоўваць праект новага заніравання секцый.

“Калі для прыкладу ўзяць лонданскі Harrods ці берлінскі KaDeWe, — тлумачыць дырэктар універмага Мікалай Карачун. — То там, напрыклад, буйнагабарытныя тавары для дома, кшталту тэлевізараў ці лядоўняў, прадаюцца на паверсе трэцім ці вышэй. А ў нас чамусьці традыцыйна яны стаяць на першым паверсе. Ва ўсёй Еўропе на першым паверсе знаходзяцца парфумерыя, галантарэя, ювелірныя вырабы, харчовыя тавары — хуткія пакупкі”.

Мікалай Карачун адзначае, што гэтыя змены не паўплываюць на прынцып працы ГУМа. Універмаг працягне супрацоўнічаць з беларускімі вытворцамі і прадаваць “тавары для ўсёй сям’і”.

“Прасцей за ўсё сёння ўзяць і падзяліць ГУМ так бы мовіць, ад слупа да слупа на кавалкі і раздаць еўрапейскім брэндам, — працягвае дырэктар універмага. — Але мне падаецца, што іх у Мінску больш чым дастаткова. Мы пакуль арыентуемся на сваю прамысловасць і сваіх вытворцаў”.

Таксама дырэкцыя ГУМа разглядае варыянты з’яўлення ўласнай паркоўкі, да прыкладу, ва ўнутраным дворыку. Але пакуль гэты праект не зацверджаны і падрабязнасці не выдаюцца.

Скончыць “перастаноўку” плануецца цягам 3-4 гадоў, каб не спыняць працы ўнівермага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі