Гуркоў біўся ў фінале байцоўскай Алімпіяды з паламанымі рэбрамі (відэа)

Увечары 23-га кастрычніка наша зборная тайбаксёраў завяршыла выступленні на галоўным старце двухгоддзя ― Соmbat Games, якія праходзілі ў Санкт-Пецярбургу. Спаборніцтвы называюць Алімпіядай па байцоўскіх адзінаборствах.

Зорны беларус Віталь Гуркоў (71 кг) у чвэрцьфінале перамог тайскага прафесіянала Арміна Матлі. У паўфінале ― ізраільцяніна Ілью Града. Нягледзячы на яркія баі, беларус атрымаў пералом рэбраў. У штабе зборнай Беларусі стала пытанне ― ці выходзіць Гуркову на фінальны бой. У выніку баец вырашыў паспрабаваць. Хоць нават на размінцы ён не біў рукамі па “лапах” (спецыяльная трэніровачная амуніцыя). Сітуацыя ўскладнялася тым, што сапернік, Зайналабід Магамедаў, надзвычай нязручны для Гуркова, хоць і не адносіцца да эліты сусветнага муай-тай. Ды і чэмпіянат праходзіў у Расіі, дзе беларусаў перыядычна засуджваюць.

Віталь у першым раўндзе ішоў наперад без удараў рукамі і натыкаўся на сустрэчныя ногі. Але ў другім раўндзе пераламаў сітуацыю і перамог па канцоўцы. У трэцім ― зламаў Магамедава. Той адварочваўся пятай кропкай, падаў. Мы былі шакіраваныя, калі ўсе тры раўнды суддзі аддалі ў расійскі бок, ― апісвае ход фінальнага бою Дзмітрый Пясецкі, старшы трэнер нацыянальнай зборнай па муай-тай. ― Нас абурае тое, што робіцца на чэмпіянатах па муай-тай. Ці атрымаецца захаваць стыль гэтага віду спорту і яго традыцыі, калі гэта будзе працягвацца! Нам трэба дзейнічаць і вырашаць гэтую праблему. Пакуль ёсць кваліфікаваныя і дасведчаныя трэнеры і суддзі”.

Толькі наш Андрэй Кулебін (67 кг) здолеў-такі ўзяць залаты медаль. Пераканаўча перамог у фінале украінца Сяргея Кулябу. Пашчасціла, што расіяне ў гэтай вагавай катэгорыі на Combat Games не прабіліся. Іначай, як паказвае практыка баёў у Расіі, нават відавочнай перамогі для золата магло б не хапіць.

Андрэй Кулебін

Дзмітрый Валент (81 кг) у годным фінальным двубоі саступіў расіяніну Арцёму Левіну.

А Дзмітрый Варац (63,5 кг) атрымаў бронзу. Хоць у паўфінале, на думку беларускіх трэнераў, быў засуджаны.

Дзмітрый Варац на п'едэстале (другі справа)

Нягледзячы на праблемы з судзействам, толькі двое беларускіх байцоў засталіся без медалёў.

Нагадаем, што ў апошнія гады наша зборная перыядычна сутыкаецца з несумленным судзействам. Апошні гучны скандал здарыўся ў ліпені на чэмпіянаце Еўропы ў Лісабоне. Тады фігурантам справы быў акурат Дзмітрый Варац. Але пасля “засуджанага” бою ўся наша зборная выйшла ў рынг і блакіравала спаборніцтвы. У выніку суддзі разгледзелі афіцыйны пратэст і адзінагалосна аддалі Варцу залаты медаль. Але на Combat Games у Санкт-Пецярбургу пратэсты беларускай зборнай папросту не разглядалі.

Фота worldcombatgames.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі