Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі па булітах "Салавату Юлаеву"
Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі па булітах "Салавату Юлаеву" — 2:3 (0:1, 0:0, 2:1, 0:0, 0:1). Чарговы матч чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі 2 снежня прайшоў на "Мінск-Арэне", прысутнічалі крыху больш за 14 тысяч заўзятараў. Дзяніс Бадроў вывеў гасцей наперад на 11-й хвіліне. Доўгі час мінчукам ніяк не ўдавалася зраўняць лік. Аднак у трэцім перыядзе за хвіліну яны вызначыліся двойчы! Спачатку Аляксандр Мацярухін на 45-й рэалізаваў большасць, а пасля шайбу закінуў Яўген Лісавец (46-я хвіліна). Здавалася, вось яна, валявая перамога. Але Яўген Караткоў на 53-й пераводзіць гульню ў авертайм. Усё вырашылі буліты, якія больш дакладна выканалі госці. Закінутыя шайбы можна паглядзець тут.
У дынамаўцаў стала 58 ачкоў пасля 36 гульняў, каманда дзеліць 6-8 месцы ў Заходняй канферэнцыі з "Віцязем" і "Ёкерытам". 4 снежня "Дынама" прыме на "Мінск-Арэне" лідара Усходняй канферэнцыі "Металург" з Магнітагорска, пачатак а 17-й гадзіне.