Хакера, якога лавілі па ўсім свеце, затрымалі ў Беларусі

Хакера, якога лавілі па ўсім свеце, затрымалі ў Беларусі

Хакера па мянушцы Сатошы, якога болей за год высочвалі спецслужбы розных краінаў, злавілі ў Беларусі. Затрыманне стала вынікам сумеснай аперацыі беларускіх следчых, аддзела “К” і Федэральнага бюро расследаванняў ЗША, паведамляе тэлеканал АНТ.

Чалавек, які хаваўся пад нікам Сатошы, не мае дачынення да вынаходніцтва біткоінаў, але паставіў на вушы спецслужбы многіх краінаў. Ён жыве ў Бабруйску разам з бацькамі ў звычайнай кватэры. Займаўся тым, што краў у вядомых кампаній дадзеныя і потым прадаваў іх.

Сатошы атакаваў банкаўскія сервісы, плацёжныя сістэмы, інтэрнэт крамы па ўсіх кантынентах. Ён сфармаваў мільённую базу крадзеных акаунтаў. Адзін уліковы запіс мог прадаць коштам ад 10 цэнтаў да дзесяці долараў — залежна ад папулярнасці рэсурса. Пакупнікамі рабіліся інтэрнэт-махляры.

Праз уліковыя запісы, якія хакер прадаў зламыснікам, прайшлі махлярскія аперацыі на суму каля 5 мільёнаў долараў. Толькі ў ЗША ён здзейсніў болей за 300 тысяч кібератак. Пад ударам апынуліся Amazon і Western Union.

Малады чалавек у свой час скончыў школу, нідзе не вучыўся і не працаваў, але пры гэтым наведваў начныя клубы і казіно, набываў элітны алкаголь і траціў грошы на прастытутак. За апошнія два месяцы зарабіў каля 60 тысяч долараў. За ўвесь час злачыннай дзейнасці меркаваны прыбытак пачынаецца з лічбы з шасцю нулямі. Цяпер Сатошы 30 гадоў. Следчыя мяркуюць, што ён дзейнічаў не адзін і шукаюць іншых фігурантаў справы.

Што да магчымага пакарання, то кіберзлачынцу пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Суд улічыць і тое, што Сатошы адразу пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі