"Хай жыве Беларусь": Зяленскі пажадаў беларусам выжыць і стаць свабоднымі
Зяленскі ў Стэнфардзе / Скрыншот выступу
Падчас выступу ў Стэнфардскім універсітэце (ЗША) украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пажадаў Беларусі стаць свабоднай дэмакратычнай краінай.
"Я жадаю вам, Беларусі, выніку, таго самага, які атрымала Украіна — яна вольная, дэмакратычная і вельмі свабодная. Я вам гэтага жадаю — выжыць. І гэта будзе ваш народ, ваша вера, ваша мова, ваша жыццё, мастацтва — мацней, чым любы ўрад. А ўрадаў вечных не бывае. Хай жыве Беларусь", — сказаў Зяленскі, адказваючы на пытанне беларускі.
Зяленскі таксама заявіў, што ва Украіны і Беларусі агульная гісторыя, іх народы разумеюць адзін аднаго.
"Цяпер вы гаварылі на сваёй дзяржаўнай (беларускай) мове. Я вас выдатна разумею. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас рэальна агульная гісторыя. І сапраўды, мы адзін аднаго разумеем. Я зараз не толькі пра нас з вамі. А пра нашы народы", — сказаў прэзідэнт.
Ён таксама дадаў, што Кіеў дакладна разумее, якая сітуацыя цяпер складваецца ў Мінску: "Мы дакладна разумеем, што адбываецца ў вас, мы разумеем, што тое ж самае адбывалася ў нас".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.