Хлопчык памёр, так і не атрымаўшы дапамогі
Бліжэйшая лякарня знаходзіцца ў 25 кіламетрах. “Хуткая” адтуль едзе каля гадзіны. Як адбылася гісторыя, расказвае бацька Максіма Юрый
Якубеня:
“Максім ехаў на аўтобусе з яго бабуляй. Бегаў каля аўтобуса, гуляў. І перад
аўтобусам упаў. Яго данеслі ў аўтобус. І адразу хутка паляцелі ў Лунна ў
амбулаторыю. Лунненская амбулаторыя была закрытая. Папрасілі кіроўцу, каб ён
адвёз да нашых месных урачоў.
Ну, урача выклікалі, пад’ехалі пад яго дом. Урач выйшаў і сказаў, што ўжо ўсё…
дзіця мёртвае. Як урачы пасля сказалі — рабілі анатаміраванне — разрыў
галаўнога сасуда”.
У 2005 годзе вёска Лунна стала называцца модным словам “аграгарадок”. Але яшчэ
ў 2003 годзе Мастоўскі райвыканкам запланаваў рэарганізацыю бальніцы ў Лунна на
25 коек у амбулаторыю.
Прычым бальніца гэтая існавала ў вёсцы амаль з пасляваенных часоў. Жыхары не
пагадзіліся з яе закрыццём і накіравалі ў райвыканкам больш за тысячу подпісаў.
Тады бальніцу захавалі.
У 2004 годзе яе закрылі на рамонт. І да пачатку мая 2006-га яна працавала як
стацыянар на 10 коек. Пасля зноў пачаліся размовы пра закрыццё. Вяскоўцы зноў
сталі дасылаць лісты: у прэсу, Міністэрства аховы здароўя, адміністрацыю
прэзідэнта. Адказ заўсёды быў аднолькавы: як вырашыць мясцовы райвыканкам, так
і будзе.
У жніўні мінулага года райвыканкам вырашыў бальніцу ліквідаваць. Засталася
толькі амбулаторыя. Гаворыць дэпутат Лунненскага сельсавета Аляксандр
Пудаўкін:
“На самой справе, вы маеце права яшчэ на 2-3 гадзіны пасля працэдуры там
застацца. Але ў любым выпадку вечарам, калі амбулаторыя зачыняецца, вы мусіце
пайсці дадому.
Сельскія стацыянары закрываюцца. Я ведаю, што ў нас у Гродзенскай вобласці
закрылі 3 стацыянары за апошнія 5 год. То бок, размова ўжо не ідзе аб развіцці
медыцынскага абслугоўвання, тым больш у аграгарадках.
На самой справе, гэтыя іхнія дзеянні – закрыццё стацыянару – гэта спроба выратавацца,
каб хоць неяк зэканоміць. Цяпер не хапае грошай не толькі на бальніцу, але і на
ўсё ўвогуле”.
Аднак ва ўпраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама бачаць іншую
прычыну ў закрыцці стацыянару. Там заявілі, што пераўтварэнне бальніцы ў
амбулаторыю “ніяк не пагоршыць медыцынскую дапамогу насельніцтву”. І
яшчэ напярэдадні закрыцця бальніцы паабяцалі вяскоўцам набыць дадатковы
транспарт і зладзіць кругласуткавы сястрынскі пост.
Нічога з абяцанага зроблена не было. Усю астатнюю стацыянарную дапамогу
паабяцалі аказваць у раённай бальніцы, да якой ад Лунна — 25 кіламетраў, ад
іншых вёсак Мастоўскага раёну і таго больш — за
Дэпутат Лунненскага сельсавета Аляксндр Пудаўкін зачытаў Еўрапейскаму
радыё ліст, які даслаў яму галоўны ўрач Мастоўскай бальніцы Алег Трушко:
“Ён піша: “У адпаведнасці з дзейючымі штатнымі нарматывамі, заснаванымі
указам Міністэрства аховы здароўя, адкрыццё кругласуткавага сястрынскага паста
не прадугледжана”… То бок, атрымліваецца, там абяцалі, а тут увогуле ўжо
нічога.
І далей піша: “Кругласуткавы сястрынскі пост на базе ўрачэбнай амбулаторыі ў
Лунно не вырашае пытання аб аказанні экстраннай медыцынскай дапамогі, таму што
неабходная менавіта кваліфікаваная ўрачэбная дапамога”.
Як дапамогу збіраюцца аказваць, у лісце не пазначана. А пакуль пра гэта ніхто
не ведае, сваякі Максіма працягваюць задавацца пытаннем “чаму?” Гаворыць
дзядуля хлопчыка Іван Аляксандравіч Якубеня:
“Што тут было, ніхто нічога не ведае. Тут да нас і міліцыя прыязджала, і…
Толькі… Вось урачы чаму не дапамаглі?”
Гэтае пытанне яшчэ не аднойчы будзе турбаваць родных Максіма Якубені. Аднак на
яго наўрад ці адкажуць у дзяржаўных установах і ў прыватнасці тыя, хто
распрацоўваў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і адраджэння сяла.
У ёй напісана, што ў аграгарадках “прадугледжана інфраструктура для
забеспячэння сацыяльных стандартаў жыхарам”. Сярод сацыяльных стандартаў у
Праграме пазначана амбулаторыя. Аднак хочацца, каб здароўе і жыццё людзей
таксама з’явіліся сярод стандартаў, якімі будуць кірвацца ў нашай краіне.
Фота flickr.com