Хлопец, які ўцёк на таксоўцы "як у кіно", расказаў падрабязнасці
Знятае журналістамі Еўрарадыё відэа пра тое, як у Мінску таксоўка звезла пратэстоўца ад пераследу сілавікоў, актыўна абмяркоўваецца ў сацсетках. Хлопец, які так удала ўцёк ад пераследу, расказаў парталу TUT.by падрабязнасці ўцёкаў.
Юнаку 18 гадоў, ён вучыцца ў адной са сталічных ВНУ. Разам з іншымі пратэстоўцамі ён увечары 23 верасня быў у раёне станцыі метро "Пушкінская".
Калі прыехалі аўтазакі з сілавікамі, людзі кінуліся хавацца ў дварах. Хлопец да аднаго адкрытага пад'езда і трымаў дзверы, каб паспела забегчы больш людзей. Аднак ён не заўважыў, як з-за рога выскачылі сілавікі і пабеглі за ўцекачамі. Яны шмат каго затрымалі, але студэнт зноў паспеў уцячы. За ім кінулася пагоня.
"Гэта былі секунды: бягу — ззаду сілавік, наперадзе, на газоне, — яшчэ адзін. Я ўбок, да дарогі. Чую, мне нехта крычыць: "Давай, да мяне заскоквай!". Гэта і быў той самы таксіст", — распавядае студэнт.
У машыне было адчыненае акно, праз якое сілавікі спрабавалі дабрацца да кіроўцы, стукнулі па таксоўцы дубінкай.
Таксоўка паехала з вуліцы Берута ў бок Кальварыйскай, потым пятляла па горадзе. Пагоні за ёй не было. Праз нейкі час кіроўца высадзіў пасажыра, не ўзяўшы з яго грошай.
У машыне, па словах хлопца, быў пашкоджаны бампер, разбітае бакавое шкло.
"Я вельмі ўдзячны таксоўцу, бо калі б не ён, то невядома, дзе б я цяпер быў", — дадае студэнт. Цяпер ён хоча знайсці свайго выратавальніка, каб кампенсаваць прычыненую яму шкоду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.