Хрысціяне заходняй традыцыі святкуюць Уваскрэсенне Хрыстова

Каталіцкія, пратэстанцкія і ўніяцкія вернікі Беларусі сёння адзначаюць Вялікдзень — адно з найвялікшых хрысціянскіх святаў. Гэтае свята прымеркаванае да цудоўнага ўваскрэсення Ісуса Хрыста пасля таго, як ён быў укрыжаваны.

Гэтая падзея з'яўляецца цэнтральнай дактрынай хрысціянства і разглядаецца як будучае выратаванне і выкупленне, якое чакае ўсіх шчырых вернікаў. Гісторыя пра ўваскрасенне Хрыста з мёртвых згадваецца ў Новым Запавеце ў пяці месцах, у тым ліку ва ўсіх Евангеллях. Акрамя таго сам Ісус некалькі разоў у Новым Запавеце казаў, што Ён павінен памерці ад рук святароў у Ерусаліме і тым выканаць Божы план адносна чалавецтва. У Старым Запавеце маецца шэраг прароцтваў, згодна якім надыходзячы Месія вытрымае пакуты, загіне, а потым паўстане з мёртвых.

Традыцыя святкавання Вялікадня абапіраецца як на царкоўныя звычаі, так і на народныя ўяўленні, звязаныя з паганствам. У Вялікую суботу, якая папярэднічае самому святу, гатуюцца спецыяльныя пірагі — “пасхі”, а таксама фарбуюцца велікодныя яйкі. Страва асвячаецца ў храме ў суботу ўдзень і ўвечары, перад велікоднай начным набажэнствам.

Пасля літургіі святкаванне працягваецца дома — вернікі спажываюць асвячоныя яйкі, а таксама іншую асвячоную ежу.

У саму Вялікую надзелю ў храмах адбываюцца святочныя набажэнствы, да якіх таксама далучаюцца вернікі.

Іерархі каталіцкай царквы Беларусі напярэдадні свята Уваскрэсення Хрыстова выступілі з віншавальнымі відэазваротамі да вернікаў, якія змясціў на сваім сайце партал Catholic.by. Як адзначыў у сваім выступе кіраўнік беларускай каталіцкай царквы, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кожны год гэтае свята дае вернікам новы імпульс, адрывае ад цяжкасцяў, праблем і крызісаў сучаснага жыцця.

“Свята з мёртвых паўстання Ісуса Хрыста — гэта свята надзеі, свята жыцця, свята, якое ўносіць святло ў цемру штодзённага жыцця. Ісус, які быў пахаваны так, як хаваюць любога іншага чалавека, сваёю боскаю моцаю ўваскрасае, уваскрасае да новага жыцця. І таму яго ўваскрэсенне — гэта падмурак нашай веры. Гэта таксама гарантыя таго, што мы будзем мець вечнае жыццё і адсюль наша надзея”, — сказаў кіраўнік беларускай каталіцкай царквы.

“Святы пройдуць, але якім будзе нашае жыццё заўтра? Яно павінна змяніцца, яно павінна стаць іншым, якасна іншым — не толькі ў сэнсе эканамічным, але таксама і ў сэнсе духоўным. Перадусім у сэнсе духоўным. Гэтае свята павінна пакінуць у нас свой след, свой знак, што мы з’яўляемся хрысціянамі, што мы з’яўляемся людзьмі ўваскрэсення”, — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі