Хрысціянскія дэмакраты правялі ў Мінску шосты ўстаноўчы з'езд

Хрысціянскія дэмакраты правялі ў Мінску шосты ўстаноўчы з'езд

12 снежня ў мінскім гатэлі "Вікторыя" прайшоў чарговы ўстаноўчы з'езд па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", паведамляе БелаПАН. Гэта ўжо шосты з'езд, які партыя збірае для таго, каб змагчы афіцыйна зарэгістравацца ў Беларусі.

У працы з'езду прынялі ўдзел 56 дэлегатаў, кожны з якіх уяўляе па 20 заснавальнікаў. На з'ездзе зацвердзілі афіцыйную назву партыі, яе праграму і статут, абралі склад нацыянальнай рады БХД. Як паведаміў сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец, пакет дакументаў на рэгістрацыю партыі ў Міністэрства юстыцыі плануецца падаць ўжо на наступным тыдні.

Дэлегаты з'езда таксама прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі прэзідэнцкія выбары 2015 года сфальсіфікаванымі. Асновай для рэзалюцыі сталі матэрыялы кампаніі назіральнікаў "Права выбару — 2015".

Першы ўстаноўчы з'езд БХД прайшоў у 2009 годзе, а пяты — 3 чэрвеня 2015 года. Сярод прычын апошняй нерэгістрацыі Мінюст называў адмову двух заснавальнікаў партыі ад сваіх подпісаў, а таксама дробныя недакладнасці, якія, на думку прадстаўнікоў БХД, не могуць ставіць пад сумнеў рэгістрацыю палітычнай партыі.

Дарэчы, у сакавіку 2011 года ў інтэрв'ю The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, "верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі