Хто краіне больш патрэбны: дызайнер, лагіст ці бібліятэкар?

Еўрарадыё паглядзела, каго набіраюць ВНУ і ці ёсць у спецыялістах патрэба.
 
Ў БДУ 5 бюджэтных і 70 платных месцаў дызайнераў і быццам бы спецыялісты айчыннай вытворчасці выпускаюць. Але чаму тады брэндам Мінска займаецца брытанская кампанія і на гэта выдаткоўваюць 300 тысяч долараў? 
 
“Вельмі складаная справа — знайсці добрага дызайнера! Прафесіяналы каштуюць вельмі дорага. Нягледзячы на тое, што ім прапаноўваюцца высокія заробкі, што працадаўцы ідуць на нейкія саступкі, добрага спецыяліста цяжка знайсці”, — кажа Еўрарадыё кадравік рэкламнага агенцтва TDI Group Кацярына Баранікава, калі я пытаюся, ці хапае ў Беларусі дызайнераў. 
 
Спецыяліст па кадрах Кацярына Баранікава заўважае, што справа нават і не ў плане набору, а ва ўзроўні ведаў і падрыхтоўкі спецыялістаў.
 
“Неблагіх дызайнераў выпускаюць у Віцебску, але рэч у тым, што нашыя ВНУ выпускаюць больш мастакоў, чым дызайнераў. Нават нашыя спецыялісты — у асноўным выпускнікі ЕДУ. Па вопыце ведаю, што і дызайнеры больш стараюцца ездзіць на курсы падвышэння кваліфікацыі ў краіны СНД”, — заўважае спецыяліст. 
 
У БДУ на факультэт філасофіі і сацыяльных навук набіраюць 30 філосафаў, прычым 20 месцаў на платнае аддзяленне. Кошт вучобы на першым курсе  — 14 мільёнаў! Куды? Куды ўладкоўваюцца пасля ВНУ гэтыя людзі?
 
“Ім вельмі складана ўладкавацца на працу”, — нечакана ўздыхаюць ў прыёмнай факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ  і распавядаюць, што дыпламаваныя філосафы ўладкоўваюцца як давядзецца — хто заяўку на прадпрыемства сам прынясе, а хто едзе настаўнікам “прыродазнаўства” ў правінцыю.
 
“Раней ішлі да нас абітурыенты, калі толькі адкрылася спецыяльнасць, а зараз не вельмі. Калі ў каго нейкае прызванне быць філосафам — тады выпускнік ідзе ў магістратуру і становіцца выкладчыкам”.
 
На шчасце філосафаў, і выдаткаў дзяржавы на іх навучанне няшмат. Але куды засольваць юрыстаў з БДУ? Калі толькі на юрыдычны факультэт на бюджэтнае аддзяленне ўсіх спецыяльнасцяў набіраюць ажно 133 чалавекі і яшчэ 200 чалавек будуць за вучобу плаціць. А ёсць яшчэ іншыя ВНУ, дзе таксама рыхтуюць юрыстаў!
 
Мо з гэтай прычыны на сайце Мінпрацы вакансія “юрысконсульт” — самая папулярная сярод беспрацоўных ва ўсіх абласцях і ў Мінску?
 
Але што юрысты — у БДУ на бюджэце будуць навучацца ўсяго 4 лагісты (і 77 чалавек платна), але 617 філолагаў і гуманітарыяў!
 
Яшчэ адна незадача ад  культуры — Інстытут культуры набірае адразу 75 бібліятэкараў! І ва ўніверсітэце сцвярджаюць, што гэтага мала! Штогод на кожнага выпускніка-бібліятэкара прыходзіць па 2-3 заяўкі. 
 
“У асноўным па рэгіёнах патрабуюцца спецыялісты, але і ў Мінск патрэбны людзі таксама. На Нацыянальную бібліятэку людзі патрэбныя — па 10-20 чалавек прыходзіць ад аддзелаў, на Мінскую абласную бібліятэку, па абласцях таксама. Заяўкі нават застаюцца свабоднымі”.
Дзіўная ў нас краіна.
 
У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі на загадкавую спецыяльнасць  “ТОПСХП” набіраюць ажно 90 чалавек на бюджэт і яшчэ 40 на платнае! Перапытваю, што за спецыяльнасць, у супрацоўніка гэтай установы. Адказны сакратар прыёмнай камісіі тлумачыць, што гэта ў іх спецыяльнасць для інжынераў-тэхнолагаў для сельскай гаспадаркі. А многа месцаў — бо замова ад Мінсельгасхарчу. 
 
“І ў 2012 годзе быў прыкладна такі ж план набору, і ў гэтым годзе”,  — кажуць у акадэміі. І некуды гэтыя людзі ідуць працаваць. 
 
А вось менеджараў на факультэце прадпрымальніцтва і кіравання набіраюць толькі 5 чалавек і 65 чалавек на платнае. На пытанне Еўрарадыё, чаму такі маленькі план на аграменеджараў у аграрнай краіне, у акадэміі адказваюць, што такія спецыялісты Мінсельгасхарчу… не патрэбны, таму і бюджэтных месцаў толькі 5!
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі