Хто купіць Беларусь і за колькі?
На гэтае пытанне адказвае вядомы расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі. А пытанне задаў рэдактар уплывовай польскай газеты.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што немагчымая здача ўлады. А да дэмакратызацыі краіны можа прывесці?
Бялкоўскі: Толькі маруднай, бо дэмакратызацыя равназначная змене ўлады. Я думаю, што Аляксандр Рыгоравіч гатовы толькі да аднаго сцэнару - перадачы ўлады свайму сыну Віктару Лукашэнку ў рамках нейкага інаўгурацыйнага сцэнарыю праз некалькі гадоў на чарговых выбарах. Ну і паступовая дэмакратызацыя пад кантролем Лукашэнкі. Калі Польшча і Еўрасаюз да гэтага гатовыя, то гэта можна абмяркоўваць. Але не трэба думаць, што пад нейкія фінансавыя гарантыі Лукашэнка сыдзе праз тры месяцы і абвесціць свабодныя выбары. Якой бы цяжкай не была эканамічная сітуацыя ў Беларусі, усё адно асабістая ўлада будзе для Лукашэнкі прыярытэтам.
Еўрарадыё: А калі Захад забудзецца пра свае патрабаванні датычна правоў чалавека, вызвалення палітвязняў і сыходу ў трохмесячны тэрмін, і пачне ўсё ж купляць рэформы ў Беларусі, як да гэтага паставіцца Масква?
Бялкоўскі: Масква паставіцца раздражнёна, але ў цэлым спакойна. Для Расіі рэжым Лукашэнкі і Беларусь даўно адрэзаная луста. Ніякага даверу да Лукашэнкі ў Крамлі няма і не можа быць, і я думаю, як Пуцін, так Мядзведзеў даўно марылі б пра сыход Лукашэнкі як мага хутчэй. Таму Масква палічыла б за лепшае дамовіцца з Захадам наконт падзелу Беларусі, чым дамаўляцца з Лукашэнкам пра што б ні было.
Еўрарадыё: Вы маеце на ўвазе такі падзел, як у 1939 годзе?
Бялкоўскі: Не, натуральна. Эканамічны падзел. Расія і Еўропа вырашаюць, якія кавалкі ідуць Маскве, а якія - еўрапейскім кампаніям. Але гэты сцэнарый утапічны, бо Лукашэнка не мае намеру сыходзіць ад улады, і рычагі затрымання сітуацыі ў яго яшчэ ёсць.
Еўрарадыё: А навошта Маскве дамаўляцца з Брусэлем, калі ўжо зараз расійскія алігархі набываюць Беларуськалій, і пойдзе размова пра продаж нафтаперапрацоўчай прамысловасці?
Бялкоўскі: Расійскія алігархі ўжо 15 год як спрабуюць купіць Беларусь, але гэта не надта атрымліваецца. І нават цяпер, калі гіганцкая здзелка Сулеймана Керымава на 15 млрд. долараў адбудзецца, гэта зусім не азначае, што ён атрымае кантроль над прадпрыемствам. Беларуськалій застаецца ў беларускім юрыдычным полі, і заўтра могуць туды завітаць падаткавая інспекцыя ці беларускія сілавікі. Аляксандр Рыгоравіч будзе навязваць свой мэнэджмэнт, і давядзецца ісці на кампраміс у гэтым пытанні, так? Таму Расія хутчэй гатовая давяраць Брусэлю ў беларускім пытанні, чым мінскаму кіраўніцтву непасрэдна. Але я пакуль ацэньваю рэальнасць гэтай змовы паміж Масквой і Брусэлем як вельмі нізкую. Еўразвяз кіруецца сваёй логікай і працэдурай. Так што я лічу, што і сёння Лукашэнка апынуўся ў максімальна выгоднай для сябе пазіцыі, прыкрываючыся і ад Масквы, і ад Брусэля, і беручы бонусы для выратавання эканомікі. 15 млрд. долараў ад Сулеймана Керымава могуць істотна змяніць становішча беларускай эканомікі. Гэта гіганцкая сума для Беларусі.
Еўрарадыё: Наколькі цяпер для Крамля цікавая Беларусь? Свае прэзідэнцкія выбары на носе.
Бялкоўскі: Не зусім важная. Беларусь была важная ў 1990-ыя, была важная саюзная тэма, і таму Барыс Ельцын за яе ўзяўся, каб падсаладзіць пілюлю ліберальных рэформ. У сваю чаргу і Аляксандру Лукашэнку, які выпадкам стаў прэзідэнтам у 1994 годзе, была патрэбная крыніца легітымнасці. Цяпер Крамлю не патрэбны Лукашэнка для папулярнасці. Ён цалкам кантралюе расійскую палітычную сістэму і вынікі выбараў, а Лукашэнка набыў легітымнасць унутры краіны. Таму Беларусь для Расіі - чамадан без ручкі, які цяжка несці і шкада кінуць.
Еўрарадыё: Што з сябе ўяўляе алігарх Керымаў? Ён што, не разумее, што аддасць грошы і не атрымае ніякага кантролю?
Бялкоўскі: Падводных палітычных камянёў тут няма. Алігарх Керымаў - адзін з самых уплывовых сучасных расійскіх бізнэсмэнаў. Ён кваліфікаваны пасярэднік, які можа, як у нас кажуць, "разрульваць канфы". Напрыклад, нядаўна ён сабраўся купіць аэрапорт "Дамадзедава", які ў апошнія гады апынуўся пад націскам уладаў. І цалкам магчыма, што пры рыначным кошце ў 2,5 млрд долараў Керымаў набудзе яго за мільярд, а астатняе - у якасці паслугаў для ўрэгулявання гэтых адносінаў. Тое самае Керымаў прадпрымае ў беларускім кірунку. Усе яго вялізныя выдаткі будуць кампенсаваныя Крамлём і калякрамлёўскімі бізнэс-структурамі, у першую чаргу банкам ВТБ, які неверагодна блізкі да Керымава, і, я думаю, дасць большую частку з 15 млрд, неабходных для набыцця "Беларуськалія". Таму для Керымава гэта палітычная гульня ў тым сэнсе, што ён пакажа Крамлю, што можа быць міратворцам і пасярэднікам на балесным для Крамля кірунку.
Еўрарадыё: Напрошваецца выснова, што Керымаў купляе "Беларуськалій" Крамлю.
Бялкоўскі: Не, Керымаў купляе "Беларуськалій" Керымаву. Але ён зможа паднесці яго Крамлю як пакупку, выгодную для Расіі. Але не ў зваротнай паслядоўнасці. То бок палітычных наступстваў гэта не будзе мець. Хутчэй Керымаў ператворыцца ў лабіста Лукашэнкі ў Маскве, чым наадварот.