Хто такі “рэпер-фатограф” з тату-салона, якога затрымалі за марыхуану
Мінская міліцыя паведаміла пра затрыманне збытчыка марыхуаны, жыхара сталічнага мікрараёна Курасоўшчына. На яго выйшлі пасля затрымання шараговага спажыўца. Дома ў падазраванага ў наркагандлі, згодна з паведамленнем міліцыі, знайшлі больш за 65 грамаў марыхуаны.
“Мужчына з’яўляецца прафесійным фатографам і кампазітарам песень у стылі рэп”, — напісана на сайце ГУУС Мінгарвыканкама.
Зразумела, знайсці чалавека па такім грунтоўным апісанні аказалася не складана. У канцы мінулага тыдня сапраўды затрымалі Сяргея Л. — аднаго з уладальнікаў тату-салона, які знаходзіцца ў цэнтры Мінска. Яму 31 год — столькі ж, колькі назвала міліцыя.
“Нічога сабе! А я думаю, чаму ён апошнім часам знік, — здзіўляецца пытанню Еўрарадыё піяр-мэнэджар тату-салона. — Да гэтага бачыў яго амаль кожны дзень. Сяргей свеціцца ва ўсіх сферах, імкнецца прабівацца, а тут такая сітуацыя. Гэта выглядае нелагічным. Напэўна, наркадылеры сябе так звычайна не паводзяць”.
Інфармацыю пра затрыманне Сяргея Л. пацвердзілі і іншыя супрацоўнікі тату-салона:
“Так, ведаем, што яго затрымалі. Усе ў шоку. Што будзе з салонам, калі за кратамі знаходзіцца яго ўладальнік, ніхто не ведае. За што Сяргеем зацікавілася міліцыя, мы таксама не ведаем. Калі ён і займаўся нечым супрацьзаконным, то гэта былі яго асабістыя муткі”.
Жонка Сяргея Л. Адмовілася каментаваць затрыманне блізкага чалавека.
Адзінае, відаць, у чым міліцыя магла прамахнуцца ў сваім паведамленні, — Сяргей Л. не рэпер, а фанат Ігара Талькова. Музыка яго гурта, хутчэй, нагадвае савецка-расійскі рок ўзору 90-х гадоў. Праўда, запісаная яна даволі якасна.
Кантора, якой валодае Сяргей Л, задумвалася не толькі, як тату-салон. Тут жа аказваліся паслугі па фатаграфаванні вяселляў і ладзіліся рэпетыцыі гурта. Увесь гэты бізнес толькі раскручваўся, апальны дырэктар не паспеў стаць забяспечаным чалавекам. Жыў ён у кватэры разам з маці. Можа быць, фінансавыя цяжкасці і маглі паўплываць на супрацьзаконную дзейнасць. Складана знайсці іншыя прычыны, бо сярэднестатыстычны тату-майстар у Мінску зазвычай зарабляе у некалькі разоў больш, чым сярэдні беларус.