Хведар Шчавель "Шо-Шо"

Зміцер Вайцюшкевіч нарэшце скончыў працу над альбомам турэмнага шансону. Праўда, з паўнавартаснай пласцінкай музыка вырашыў пачакаць: маўляў, паглядзім, як успрымуць EP і новага персанажа ў беларускай музыцы, Хведара Шчавеля слухачы. Гэта нібыта ён, былы зняволены, які хварэе на частковую амнезію і народжаны ў ваколіцах возера Шо-Шо, спявае кранальныя песні. Пра турму, пра матулю, пра вясну, якая сустрэне яго пасля сумнай зімы.


На ЕР "Шо-Шо" 5 песень напісаных на вершы Уладзіміра Някляева і Генадзя Бураўкіна. Менавіта Бураўкін натхніў Вайцюшкевіча на падобны, "шансонны" крок. Зміцер не прымусіў сябе доўга чакаць. Тым больш, што "шансонныя" інтанацыі, толькі выкшталцоныя і інтэлігентныя, чуліся ў яго альбомах пачынаючы ад "Паравінаў году".


На міні-альбоме Вайцюшкевіч спрабуе спасцігнуць сакрэт славы Стаса Міхайлава. Праўда, душараздзіральных песень пра каханне, якімі славіцца Міхайлаў, у Вайцюшкевіча не знойдзеш. Тут ёсць іронія, нейкае схаванае замілаванне героем, вера ў яго прагу выправіцца. А яшчэ шчымлівая туга і любоў, якімі прасякнутая песня "Дачакайся, Матуля".


А вось на хлеб Алены Ваенгі Вайцюшкевіч можна разлічваць. Разгуляй-душа-рэстаранныя матывы ў духу расійскай шансон-дзівы Змітру ўдалося ўплесці ў вязь акампанементу. Дарэчы, акампануюць Вайцюшкевічу-Шчаўлю гэтым разам самі Apple Tea. Аднак дасягнуць планкі зоркі шансона Вайцюшкевічу ўсё ж перашкаджаюць занадта паэтычныя тэксты ад сапраўды высокіх беларускіх паэтаў.


На "Шо-Шо" Зміцер Вайцюшкевіч працягвае традыцыі сваіх класічных першых альбомаў. І... займаецца стылізацыяй "пад шансон". І ўсё ж дальнабоі і маршрутчыкі выберуць Ваенгу, калі паўстане выбар паміж ёй і Шчаўлем — так больш зразумела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі