Ідэолаг "Нафтана": апаскі, што на запраўках скончыцца паліва, няма
euroradio.fm
На "Нафтане" — адным з двух беларускіх НПЗ — спадзяюцца, што пастаўкі расійскай нафты ўдасца аднавіць пасля святаў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік дырэктара ААТ "Нафтан" па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльным развіцці Сяргей Яўтушык:
"Спадзяёмся, што ў Расіі скончацца святы — і ўсё нармалізуецца. На гэты перыяд дакладна хопіць. Запас ёсць і на нафтабазах, і ў "Беларусьнафты". У колькасці я не скажу — яна ж [нафта. — Еўрарадыё] кожны дзень выпрацоўваецца, адгружаецца. Прынамсі, апаскі такой [што на запраўках скончыцца паліва. — Еўрарадыё] няма".
Калядныя канікулы ў расіян сёлета працягнуцца да 8 студзеня ўключна.
31 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам нафтахімічнага комплексу наконт паставак і перапрацоўкі нафты. Ён даручыў забяспечыць пастаўку нафты з Расіі і з альтэрнатыўных крыніц.
Як хутка Беларусь можа рэалізаваць альтэрнатыўны варыянт паставак нафты?
"Ну, не ведаю, гэта ж кантракты і дагаворы. Трэба ж іх спачатку заключыць, а пасля зрабіць так, каб яны рэалізоўваліся. Думаю, гэта не з ходу робіцца. Там жа — на тых рынках — ніхто не захоўвае запасы, каб яны былі свабоднымі для рэалізацыі на новых рынках", — кажа Сяргей Яўтушык.
З 1 студзеня Расія прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. У "Белнафтахіме" пацвердзілі гэтыя звесткі. "Цяпер ідзе актыўная праца над заключэннем студзеньскіх кантрактаў", — кажуць у канцэрне. Гаворка ідзе пра пастаўкі нафты з Расіі і іншых крыніц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.