Ігар Макар заклікае не выходзіць на вулічную акцыю супраць Усебеларускага сходу
Экс-сілавік Ігар Макар выступіў з публічным заклікам адмовіцца ад акцыяў 11-12 лютага, калі ў Мінску будзе праходзіць праўладны Усебеларускі народны сход.
Прадстаўнік ініцыятывы "Беларускі народны трыбунал" паведаміў са спасылкай на ананімныя крыніцы, што ў гэтыя дні ў сталіцу будзе сцягнутая вялікая колькасць сілавікоў — большая, чым магчымая колькасць пратэстоўцаў. Па словах Макара, усе ўезды ў Мінск у гэтыя дні таксама будуць перакрытыя і ўзятыя пад кантроль.
Ён заявіў, што супраць пратэстоўцаў плануюць выкарыстоўвацца вадамёты ў 15-градусны мароз.
Макар падкрэсліў, што разгон нешматлікай акцыі пратэсту будзе толькі на карысць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён мяркуе, што найбольш масавыя акцыі пройдуць увесну і ўлетку 2021-га.
Ігар Макар служыў у антытэрарыстычным падраздзяленні "Алмаз" МУС, але звольніўся адтуль на пачатку 2000-х. Быў у штабе Аляксандра Казуліна ў 2005-2006 гадах, потым эміграваў. У апошнія месяцы ён апублікаваў злівы з сілавых структураў, якія сведчаць, што КДБ рыхтаваў забойствы апанентаў Лукашэнкі за мяжой Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.