Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў

Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў

Пару тыдняў таму ўвесь свет абмяркоўваў Ілана Маска і яго куплю Twitter. Сёння зноў усе абмяркоўваюць Ілана Маска. Толькі ўжо не куплю, а яго заяву пра прыпыненне здзелкі. Прадпрымальнік сказаў, што хоча дачакацца "падрабязнасцяў, якія пацвярджаюць, што спамавыя і фэйкавыя акаўнты сапраўды складаюць менш за 5% карыстальнікаў". Адмаўленне, торг, прыняцце?

Гэта пятнічны падкаст Еўрарадыё пра важныя — а часам і не самыя важныя падзеі ў свеце. Паспрабуем адарвацца ад навін пра вайну і разбяромся ў іншых сусветных інфанагодах.

Слухаць нас можна на Soundcloud. Ці ўключайце ў сваіх "плафонах" — мы ёсць на Apple Podcasts.
 

Навукоўцы паўгода сілкавалі камп'ютар энергіяй ад сіне-зялёных водарасцяў

Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў
Зямля з космасу / unsplash

Пакуль у Астраўцы то запускаюць, то пераводзяць на планавы рамонт атамны рэактар, даследчыкам удалося на шэсць месяцаў запусціць камп'ютар, выкарыстоўваючы ў якасці крыніцы энергіі водарасці.

Як пацвердзілі навукоўцы з Кембрыджскага ўніверсітэта, фотасінтэз можна канвертаваць у крыніцу энергіі. У часе каранціну яны правялі эксперымент і пацвердзілі гэта эмпірычным шляхам. Шэсць месяцаў у невялікім кантэйнеры водарасці былі падключаныя да мікрапрацэсара.

І ўвесь гэты час батарэя з сіне-зялёных водарасцяў забяспечвала бесперапынную энергію для сілкавання мікрапрацэсара. Камп'ютар працаваў цыкламі па 45 хвілін. Ён выкарыстоўваўся для вылічэння сум паслядоўных цэлых лікаў для мадэлявання вылічальнай нагрузкі.

Як кажуць навукоўцы, гэта маленькі крок для навукі, але вялікі крок для чалавецтва. Калі ўсё пойдзе добра, то праз пяць гадоў гэтую тэхналогію можна будзе маштабаваць для побытавых патрэб: забяспечваць энергіяй дамы або нават невялікія прадпрыемствы.
 

На "Оскары" за "Лігу справядлівасці" галасавалі боты

Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў
Статуэтка Оскар / unsplash.com

Цырымонія "Оскар" сёлета стала асаблівай не толькі таму, што там білі вядоўцаў, але і таму, што ўпершыню ў гісторыі арганізатары ўвялі прыз за галасаванне гледачоў. Заходнія журналісты выявілі, што самымі актыўнымі карыстальнікамі, якія галасавалі за "Лігу справядлівасці", былі боты.

Нагадаем што было на "Оскары": у першай намінацыі, на думку гледачоў, перамагла "Армія мерцвякоў", а ў другой — сцэна з Флэшам з "Лігі справядлівасці". Галасаванне праводзілі ў твітары пры падтрымцы самой сацыяльнай сеткі. Выбар гледачоў выклікаў шмат спрэчак у інтэрнэце.

Арганізатары паведамлялі, што, маўляў, мы ўвялі меры засцярогі — адзін акаўнт у твітары не можа адправіць больш за 20 галасоў і павінен быць створаны не менш чым за 24 гадзіны да галасавання. Але як цяпер выявілася, гэта не спрацавала.

Аналітычныя інструменты для працы з хэштэгамі твітара паказалі, што большасць з тых, хто галасаваў, былі карыстальнікамі без аватаркі і з адным запісам, а яшчэ вялікая колькасць са смеццевым змесцівам у акаўнце.

Мабыць, логіка тут была такая: "Мы знялі фільм за сотні мільёнаў долараў, вы думалі, што мы не знойдзем грошы для таго, каб купіць галасаванне?".
 

У Індыі бацькі падалі на сына і нявестку ў суд за адсутнасць унукаў і запатрабавалі вярнуць укладзеныя ў іх грошы

 

Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў
Дзіця / unsplash.com

Толькі не паказвайце гэтую навіну беларускім бацькам! Назойлівыя пытанні хутка могуць стаць судовым пазовам. Як у адной сям'і з індыйскага горада Харыдвар.

Там пажылыя бацькі падалі пазоў супраць свайго сына і яго жонкі з патрабаваннем на працягу года нарадзіць дзіця або ў адваротным выпадку выплаціць ім кампенсацыю ў памеры 50 мільёнаў рупій (больш за 40 мільёнаў рублёў).

Вось як індыйская пажылая пара паскардзілася ў суд, што, забяспечыўшы жыццё сыну і нявестцы, яны самі аказаліся ў даўгах: "Мы ахвяравалі нашымі марамі, каб выхаваць яго. Мы нават узялі ў крэдыт два мільёны рупій на яго навучанне. Але, нягледзячы на ўсе старанні, наш сын і яго жонка прычынілі нам маральную шкоду, пазбавіўшы нас унукаў. Грамадства пастаянна задае нам пытанні пра гэта, што прычыняе дадатковыя пакуты".

Пачакаем выніку. Але ўжо ў спрэчцы намячаецца нядобрая тэндэнцыя: пасля пазову адказчыкі пераехалі ў іншы горад і абарвалі кантакты з бацькамі.
 

На глебе з Месяца выраслі першыя расліны

Памятаеце, як у 1969 годзе амерыканцы падманулі сусветную грамадскасць падробленымі фатаграфіямі з Месяца? Добра, сёння не пра гэта. У 1969 годзе амерыканцы зляталі на Месяц і прывезлі адтуль грунт. Навукоўцы з Інстытута харчовых і сельскагаспадарчых навук Універсітэта Фларыды ўзялі маленькія гаршчэчкі, у якіх знаходзілася па граме месяцовай глебы, пасадзілі туды падвід брокалі... І яна вырасла!

Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў
Зялёныя парасткі на глебе з Месяца / IFAS

Як гэта было: даследчыкі пасадзілі насенне расліны ў гаршкі з глебай з Месяца, імітацыяй месяцовага і марсіянскага грунту, а таксама глебай з экстрэмальных асяроддзяў на Зямлі. А потым параўналі ўзоры. У рэгаліце брокалі расла павольней.

Акрамя таго, чым даўжэй месяцовы грунт падпадаў пад уздзеянне касмічнага выпраменьвання і ветру, тым горш развіваліся расліны. Аналіз ДНК паказаў, што капуста адчувала стрэс — гэтаксама паводзяць сябе расліны, якія знаходзяцца ў суровых умовах, напрыклад сярод саланчакоў.

Зноў жа, гэта нічога не азначае, але становіцца крышку лягчэй ад думкі, а раптам калі ядзерная вайна рэальная, то мы зможам пачаць усё нанова, напрыклад на Месяцы?
 

У Японіі былога дэпутата парламента арыштавалі за спробу бясплатна пракаціцца на цягніку 1-м класам

У Японіі дэпутатам прызначаны бясплатны праезд. 79-гадовы Ясуа Ямасіта калісьці быў дэпутатам і так захапіўся гэтай опцыяй, што не змог адмовіцца і пасля звальнення. Днямі ён заказаў сабе бясплатны білет на цягнік першым класам, але паколькі яму не прызначана — ён заказаў квіткі не на сваё імя, а на даныя дзейнага дэпутата.

Іх норавы: расліны на Месяцы і пазоў ад бацькоў за адсутнасць унукаў
Ясуа Ямасіта / Японскія СМІ

Супрацоўнік чыгуначнай кампаніі вырашыў ператэлефанаваць пасажыру, удакладніць дэталі. Тут усё і выявілася. У тлумачэнні Ясуа сказаў, што яму было складана адвыкнуць ад дзяржаўных прывілеяў, таму ён і звяртаўся да гэтай схемы. Пенсіянера арыштавалі. Колькі разоў ён праехаўся бясплатна пад чужым імем — невядома.
 

Што ж ты, фраер, здаў назад? Маск прыпыніў куплю Twitter

Маск заявіў, што здзелка па куплі кампаніі "часова прыпыненая". Ён хоча дачакацца "падрабязнасцяў, якія пацвярджаюць, што спамавыя і фэйкавыя акаўнты сапраўды складаюць менш за 5% карыстальнікаў".

Раней сацсетка адсправаздачылася, што фэйкавыя і спам-акаўнты складаюць менш за 5% яе манетызаваных штодзённых актыўных карыстальнікаў у першым квартале 2022 года. Усяго яна паказвала рэкламу 229 мільёнам карыстальнікаў.

І тут усё добра, але баімся, што калі пачнуць лічыць расійскі і беларускі сегмент — здзелка дакладна адменіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі