Іх норавы: шопінг Ілана Маска, парад Кім Чэн Ына і чэры для прэзідэнта
У свеце / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Сённяшнія навіны настолькі вар'яцкія, што я літаральна забыўся, што ў мяне COVID".
Пра што гэты твіт? Пра вайну ва Украіне? Ці пра Беларусь? Не, гэта пра тое, што Ілан Маск купіў Twitter.
Запомніце гэты твіт. Не для таго, каб нагадваць сабе, што нашы праблемы выклікаюць у сусветнай супольнасці ў асноўным глыбокую заклапочанасць. А для таго, каб не забываць у пятніцы слухаць падкаст Еўрарадыё пра важныя — а часам і не самыя важныя падзеі ў свеце.
І заўсёды памятаць, што вар'яцкія навіны адбываюцца не толькі ў Беларусі.
Спакойны, як Макрон
І пачнём з навінаў дэмакратычнага свету. У Францыі Эмануэля Макрона пераабралі на другі тэрмін. А неўзабаве закідалі памідорамі, піша Esquire са спасылкай на французскія СМІ. Усё адбывалася на адным з рынкаў у прыгарадзе Парыжа, таму ўдакладняем: не памідорамі, а памідоркамі чэры.
Макрон не збянтэжыўся. Ён як абяцаў перад выбарамі аб'яднаць Францыю і стаць "прэзідэнтам для ўсіх", так і ідзе да гэтай мэты. Часам праз рынкі.
Пераабраны прэзідэнт мог бы выбраць для свайго першага выхаду ў свет элітны раён Парыжа, але паехаў у бедны прыгарад Сержы-Пантуаз. Тут у першым туры галасавання перамог яго апанент, крайне левы палітык Жан-Люк Мешаншон, расказвае France24.
Выданне піша, што Макрон любіць наведваць нават самыя варожыя да яго рэгіёны. І калі над ім праляцелі памідоры, ён казаў ахоўнікам:
"Не, не, ніякіх боек!"
Пасля інцыдэнту Макрон спакойна пагутарыў з мясцовымі жыхарамі і паабяцаў стварыць умовы для роўнасці магчымасцяў у самых бедных раёнах. Такія вось урокі французскай — раскажыце знаёмым дыктатарам.
Rocket man
Апошнім часам мы так часта гаворым пра чырвоную кнопку Расіі, што сталі забываць, хто на зямлі быў першым "рокетменам". І Кім Чэн Ын нагадаў. У краіне прайшоў традыцыйны вайсковы парад. Вось як гэта апісвае Wall Street Journal.
"Тысячы паўночнакарэйцаў з жанчынамі, апранутымі ў традыцыйныя карэйскія сукенкі, сабраліся на плошчы Кім Ір Сена ў цэнтры Пхеньяна. Мужчыны ў касцюмах трымалі паўночнакарэйскі сцяг, міма праязджалі танкі. Праз плошчу прайшлі батальёны салдат, адны — у вайсковай форме, іншыя — верхам на конях. Містар Кім назіраў з балкона ў белым халаце з залатымі гузікамі", — апісвае выданне здымкі з парада.
У парадзе акрамя Кіма ўдзельнічала велізарная балістычная ракета, а яшчэ танкі, бранятэхніка, артылерыйскія гарматы і ракетныя ўстаноўкі.
Гэта каб мы не забывалі, хто першым прыдумаў пагражаць свету і атрымліваць за гэта санкцыі. Бо які сэнс псаваць жыццё грамадзянам сваёй краіны, калі цябе нават у навінах не паказваюць?
Выступаючы на парадзе, Кім паабяцаў актывізаваць ядзерную праграму. А калі якія-небудзь сілы паспрабуюць уступіць у ваенную канфрантацыю з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай, яны будуць знішчаныя, сказаў Кім Чэн Ын.
Ні на што не намякаем, але Уладзімір Пуцін днямі сказаў наступнае:
"Калі хтосьці звонку паспрабуе ўмяшацца ва Украіну і стварыць стратэгічныя пагрозы для Расіі, наша рэакцыя будзе маланкавай", — цытуе ВВС.
Маскі сарваныя
І вяртаемся да Twitter, які на гэтым тыдні купіў Ілан Маск. І цяпер супрацоўнікі кампаніі ў паніцы, расказвае Washington Post.
Маск — радыкальны абаронца свабоды слова. А інжынеры Twitter патрацілі гады на тое, каб стварыць сістэму, якая абараняла б карыстальнікаў ад дэзынфармацыі, спаму і мовы варожасці. Здавалася б, Ілану і Twitter не ў адну дарогу. Але 44 мільярды долараў і неўтаймоўнае жаданне Маска займець сацсетку ўмеюць скарэктаваць траекторыі.
Пакуль адны работнікі Twitter панікуюць, іншыя робяць глыбокі ўдых і выказваюць здагадку, што Маск не стаў бы марнаваць пятую частку свайго багацця толькі на тое, каб знішчыць кампанію.
Наогул ніхто пакуль дакладна не ведае, што менавіта плануе зрабіць Маск. Ясна толькі, што ён будзе змякчаць цэнзуру. Сярод іншага ў сацсетцы пытаюцца, ці верне Маск акаўнт Дональду Трампу: яго заблакавалі два гады таму пасля беспарадкаў у Капітоліі.
Пакуль што супрацоўнікаў Twitter супакоіў толькі сам Трамп: у інтэрв'ю Fox News сказаў, што не збіраецца вяртацца і застанецца ў сваёй сацсетцы "Праўда". Але, можа, калі Маск змякчыць цэнзуру, Трамп уступіць у эпоху "пост-Праўды"?
Навіны пра Маска на гэтым тыдні не скончацца: New York Times анансавала фільм-расследаванне пра заснавальніка Tesla і Space X, паведамляе Esquire. Мы паглядзім і абавязкова вам раскажам.
Спякота ў Індыі
Пра надвор'е. Са зразумелых прычын мы пачалі забываць пра глабальнае пацяпленне. А ў Індыі на месяц раней, чым звычайна, пабітыя тэмпературныя рэкорды. У горадзе Бармер тэмпература ўжо паднялася вышэй за 45 градусаў па Цэльсію.
Большая частка насельніцтва жыве без кандыцыянераў, так што такія тэмпературы ствараюць рэальную небяспеку для жыцця. Асабліва — для пажылых людзей.
І яшчэ адна ўражальная лічба для тых, хто паспеў падумаць, маўляў, гэта ўсяго толькі адна Індыя. Ад празмернай спякоты пацярпіць не "адна Індыя", а "10% насельніцтва Зямлі", піша CNN.
Хуткі заробак
Хуткі спосаб зарабіць у Польшчы, пра які вы яшчэ не чулі! Сабака Кайтус знайшоў самы вялікі скарб з усіх, што выяўлялі ў краіне за апошнія 100 гадоў, піша Esquire са спасылкай на выданне "Навука ў Польшчы".
Жывёла адкапала гліняны гаршчок з брактэатамі. Гэта плоскія аднабаковыя манеты. І гаршчок, і манеты былі вырабленыя ў першай палове XIII стагоддзя. Яны прыгожыя, на іх захаваліся выявы анёлаў, а яшчэ грыфонаў, русалак, розных архітэктурных элементаў.
Карыстальнікі сацсетак не вераць, што скарб выявіў Кайтус. І падазраюць, што паляк выгульваў не сабаку, а металашукальнік, адсюль і знаходка. Але мы б раілі прыцягнуць Кайтуса да пошуку золата Напалеона на дне Беразіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.