Іх норавы: адсканаваны "Тытанік" і дзікае паляванне папарацы

Кароткі агляд навінаў свету / калаж Еўрарадыё
Кароткі агляд навінаў свету / калаж Еўрарадыё

Частка амерыканцаў застанецца без TikTok! А прынц Гары ледзь не паўтарыў сумны лёс сваёй маці — прынцэсы Дыяны. Пра гэта і не толькі ў кароткім аглядзе сусветных навін ад Еўрарадыё — усё самае цікавае за тыдзень і амаль без палітыкі. 

Адсканаваны "Тытанік"

Навукоўцы стварылі першы поўнапамерны лічбавы скан "Тытаніка", рэшткі якога ляжаць на дне Атлантычнага акіяна на глыбіні амаль 4 тысячы метраў.

Даследчыкі спадзяюцца, што гэта дазволіць выявіць новыя падрабязнасці крушэння лайнера, які патануў у 1912 годзе пасля сутыкнення з айсбергам. Ахвярамі катастрофы сталі больш за паўтары тысячы чалавек.

Каркас "Тытаніка" знайшлі ў 1985 годзе і з той пары шмат разоў даследавалі рознымі спосабамі. Але карабель настолькі вялікі і ляжыць на такой глыбіні, што камеры могуць паказаць толькі асобныя яго часткі. Цалкам корпус патанулага судна яшчэ ніхто не бачыў.

Іх норавы: адсканаваны "Тытанік" і дзікае паляванне папарацы

Новы скан адкрывае поўны выгляд "Тытаніка". Патанаючы, карабель разламіўся напалам, насавую і кармавую часткі падзяляе каля 800 метраў. Судна атачае велізарнае поле абломкаў.

Аперацыю па сканаванні "Тытаніка" летам 2022 года правялі кампаніі Magellan Ltd, якая займаецца глыбакаводным карціраваннем, і Atlantic Productions, якая здымае дакументальны фільм пра гэты праект.

Падводныя апараты, якія дыстанцыйна накіроўваліся камандай на борце спецыялізаванага судна, правялі пад вадой больш за 200 гадзін, даследуючы і фатаграфуючы рэшткі патанулага судна.

З атрыманых 70 тысяч здымкаў са ўсіх бакоў навукоўцы стварылі дакладную трохмерную рэканструкцыю.

Не толькі “Тытанік” 

У Брытаніі збіраюць найбуйнейшы ў свеце банк сканаў чалавечых органаў на працягу жыцця. Мозг і целы 60 тысяч добраахвотнікаў, якія ўжо праходзілі гэтую працэдуру, будуць зноўку адсканаваныя для пошуку новых спосабаў лячэння і прафілактыкі захворванняў.

Вывучэнне таго, як старэе арганізм, можа дапамагчы прадказаць верагоднасць развіцця дэменцыі ці розных відаў раку.

Даследаванне ўжо прывяло да стварэння генетычнага тэсту для людзей, якія нарадзіліся з падвышанай рызыкай ішэмічнай хваробы сэрца.

Наяўнасць двух набораў здымкаў МРТ з высокім разрозненнем і дадзеных аб шчыльнасці касцявой тканкі тысяч людзей, зробленых з розніцай у некалькі гадоў, можа адкрыць вялізныя новыя магчымасці для выяўлення і прафілактыкі такіх захворванняў, як дэменцыя, рак і хваробы сэрца.

Акрамя таго, падчас даследавання можна будзе атрымаць мноства іншых патэнцыйных вынікаў.

Так, яно можа выявіць, хто лепш рэагуе на лячэнне і чаму некаторыя людзі аказваюцца больш устойлівымі да пэўных захворванняў.

Мантана без TikTok

Мантана стала першым штатам ЗША, дзе забаранілі TikTok. Адпаведны ўказ падпісаў губернатар штата Грэг Джанфортэ. Вось як ён патлумачыў гэта ў сваім Твітары:

"Каб абараніць асабістыя дадзеныя жыхароў Мантаны ад Камуністычнай партыі Кітая, я забараніў TikTok у Мантане".

Як удакладняе Reuters, крамам мабільных праграм Apple і Google забаранілі прадастаўляць праграму TikTok для запампоўкі на тэрыторыі Мантаны. Пры гэтым за выкарыстанне дадатку не прадугледжана ніякіх штрафаў. Закон уступіць у сілу з 1 студзеня 2024 года.

Іх норавы: адсканаваны "Тытанік" і дзікае паляванне папарацы

У TikTok не каментавалі прыняцце закону. Раней прадстаўнікі праграмы казалі, што закон ушчамляе правы жыхароў Мантаны. Прадстаўнікі TikTok паабяцалі "працягнуць працу па абароне правоў нашых карыстальнікаў у Мантане і за яе межамі".

ЗША падазраюць кампанію ByteDance у супрацоўніцтве з уладамі Кітая. У снежні 2022 года сенат ЗША адобрыў законапраект, які забараняе дзяржслужбоўцам выкарыстоўваць TikTok на прыладах федэральнага ўрада.

TikTok неаднаразова адмаўляў, што дзяліўся дадзенымі з уладамі Кітая. Прадстаўнікі дадатку сцвярджалі, што кампанія не будзе перадаваць такія звесткі, калі яе папросяць.

Дзікае паляванне папарацы

У Нью-Ёрку папарацы ўчынілі пагоню за прынцам Гары і яго жонкай Меган Маркл, у выніку чаго ледзь не адбыліся некалькі аварый. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка прынца. Паводле яго слоў, пагоня адбывалася на працягу двух гадзін, аўтамабіль з Гары і Меган пераследвалі “паўтузіна машын з таніраваным шклом”.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 16 траўня, калі прынц Гары і Меган Маркл вярталіся з цырымоніі ўручэння ўзнагарод Women of Vision, якія прысуджае фонд Ms. Foundation for Women. Меган Маркл атрымала ўзнагароду за ўклад у абарону правоў жанчын.

Іх норавы: адсканаваны "Тытанік" і дзікае паляванне папарацы

Як піша Sky News, папарацы парушалі правілы дарожнага руху. Акрамя таго, адзін з кіроўцаў размаўляў па тэлефоне за рулём, а іншы спрабаваў зрабіць здымкі, кіруючы аўтамабілем. Па словах прадстаўніка прынца, пагоня ледзь не прывяла да сутыкненняў з іншымі машынамі, пешаходамі і двума афіцэрамі нью-ёркскай паліцыі.

Дэпартамент паліцыі Нью-Ёрка выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што паліцыя аказвала дапамогу службе аховы, якая суправаджала Гары і Меган. У паліцыі адзначылі, што вялікая колькасць фатографаў "ускладняла транспарціроўку" прынца і яго жонкі. "Герцаг і герцагіня Сасекскія прыбылі ў пункт свайго прызначэння. Ніякіх паведамленняў аб сутыкненнях, выкліках паліцыі, атрыманых траўмах і звязаных з гэтым затрыманнях не паступала", – гаворыцца ў паведамленні.

Мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс назваў дзеянні ўдзельнікаў інцыдэнту "безразважнымі і безадказнымі", нагадаўшы, што маці Гары прынцэса Дыяна загінула ў 1997 годзе ў аўтакатастрофе, калі яе пераследвалі папарацы. "Зразумела, што папарацы хочуць зрабіць удалы здымак, яны хочуць атрымаць гісторыю, але грамадская бяспека заўсёды павінна быць на першым плане", – прыводзіць яго словы CNN.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі