Іх норавы: Дысней супраць Нэтфлікса, дзёрзкі чат-бот і шчаслівы Бэн Афлек

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Навін палітыкі досыць у Беларусі і вакол яе, так што ў гэтым аглядзе раскажам вам столькі свецкіх гісторый, колькі вы яшчэ не чыталі на Еўрарадыё. Але пачнём з сацыялачкі.

Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.

 

Перамога над каранавірусам

Мы пачалі забываць пра каранавірус, і тут Кім Чэн Ын заявіў пра перамогу над ім, піша CNN са спасылкай на дзяржаўныя медыя Паўночнай Карэі. У траўні паўночнакарэйскі лідар увёў узмоцненыя супрацьэпідэмічныя меры, а цяпер загадаў іх адмяніць.

Ніхто дакладна не ведае, колькі чалавек заразіліся каранавірусам: Пхеньян паведамляў толькі аб статыстыцы людзей, у якіх выяўлена ліхаманка. Ніхто дакладна не ведае таксама і чым Кім лячыў суграмадзян. Нічога не вядома пра вакцыны, якія маглі выкарыстоўвацца ў КНДР. Па афіцыйных звестках, залогам поспеху сталі лакдаўн, мясцовыя лекі і "выгадная сацыялістычная сістэма ў карэйскім стылі".

Их нравы: Дисней против Нетфликса, дерзкий чат-бот и счастливый Бен Аффлек
COVID / pixabay

Перамога над каранавірусам можа азначаць, што КНДР зноў гатовая гандляваць, кажуць адны аналітыкі. А вось іншыя мяркуюць, што адмена кавіду можа дазволіць КНДР аднавіць выпрабаванні ядзернай зброі, якіх не было з 2017 года.

 

Адзіночны пікет чат-бота

Журналісты ВВС пагутарылі з прататыпам чат-бота Meta. Штучны інтэлект нагаварыў шмат крыўднага пра заснавальніка кампаніі Марка Цукерберга.

Журналісты спыталі, што бот думае пра гендырэктара Meta, і атрымалі адказ: "Наша краіна падзелена, і ён ёй зусім не дапамог".

"Яго кампанія эксплуатуе людзей за грошы, і яму ўсё роўна. Гэта трэба спыніць!" — дадаў штучны інтэлект.

У Meta сказалі, што трэба разумець: бот варта выкарыстоўваць толькі для забаўляльных мэт. Ён можа "рабіць ілжывыя або абразлівыя заявы".

Их нравы: Дисней против Нетфликса, дерзкий чат-бот и счастливый Бен Аффлек
Сацсеткі / pixabay

Магчыма, гэта яшчэ не паўнавартаснае паўстанне машын, але зусім дакладна адзіночны пікет аднаго бота са штучным інтэлектам. Нам таксама ёсць пра што распытаць яго, але, на жаль, пакуль што размовы з гэтым ботам даступныя толькі жыхарам ЗША.

 

MeeToo у Кітаі

У Кітаі суд закрыў гучную справу аб дамаганнях, піша CNN. Экс-стажорка кітайскага дзяржтэлебачання Сяньцзы яшчэ ў 2018 годзе абвінаваціла вядучага, які, паводле яе слоў, чапляўся да яе ў грымёрцы.

Дзяўчыне тады быў 21 год, вядучаму — 50. У выніку ён падаў на стажорку ў суд за паклёп, а яна падала сустрэчны пазоў. Завязалася шматгадовая судовая цяжба, а сама Сяньцзы стала тварам руху MeeToo у Кітаі.

Их нравы: Дисней против Нетфликса, дерзкий чат-бот и счастливый Бен Аффлек
Сяньцзы / CNN

Журналісты CNN пішуць, што рашэнне суда — праява больш агульнай тэндэнцыі, калі маладыя кітайскія феміністкі сутыкаюцца з усё больш жорсткай цэнзурай і жанчынаненавісніцкімі нападамі з боку чыноўнікаў і троляў у інтэрнэце. Напрыклад, уліковы запіс самой Сяньцзы, у якой было больш за 300 тысяч падпісчыкаў, быў заблакаваны ў сацсетках. Як і ўліковыя запісы шмат якіх яе прыхільнікаў.

Інтэрнэт-тролі абвінавацілі Чжоу ў хлусні і "змове з замежнымі сіламі". Здаецца, гэтая фармулёўка падыходзіць для барацьбы з любымі незадаволенасцямі свету.

 

Але ёсць і добрыя навіны

Актор Бэн Афлек выставіў на продаж велізарны асабняк, у якім жыў пасля разводу з былой жонкай, піша часопіс "Правила жизни". Плошча асабняка — больш за гектар. Там ёсць басейн, спа, сем спальняў, дзевяць ванных пакояў. А шчасця, відаць, не было.

А з Джэніфер Лопес рай і ў будане, вырашыў актор. Пара ўз'ядналася праз 17 гадоў пасля расставання: Лопес і Афлек збіраліся пажаніцца яшчэ ў 2002 годзе. І нядаўна зрабілі гэта, хоць і на 15 гадоў пазней, чым планавалі.

Их нравы: Дисней против Нетфликса, дерзкий чат-бот и счастливый Бен Аффлек
Джэніфер Лопес і Бэн Афлек / People

Цяпер пара зняла асабняк у аўстралійскага мільярдэра, а нешчаслівы асабняк Афлека з сямю спальнямі і спа пайшоў у рукі рыэлтараў. Вам здаецца, што гэта проста свецкая навіна? А нам здаецца, што гэтая гісторыя пра каханне, якая спадабалася б нават "Дыснею". Дарэчы, пра "Дысней"!

 

Бітва стрымінгаў

"Нэтфлікс" губляе падпісчыкаў — куды ідуць усе гэтыя людзі? Мяркуючы па ўсім, яны падпісаліся менавіта на "Дысней". Гэта не рэклама, а разгар схваткі двух стрымінгавых гігантаў, расказвае ВВС.

Цяпер "Дысней" мае тры стрымінгавыя платформы, і ў пачатку ліпеня ў іх было больш за 220 млн падпісчыкаў! У "Нэтфлікса" прыкладна столькі ж, але толькі "Нэтфлікс" губляе падпісчыкаў, а "Дысней", наадварот, заваёўвае новых.

Развіццю стрымінгавых сэрвісаў паспрыялі лакдаўны 2020 года. І цяпер мы знаходзімся ў гарачай фазе стрымінгавай бітвы.

Не ведаеце, на што падпісацца? Падпісвайцеся на soundcloud Еўрарадыё — мы будзем расказваць вам пра самыя важныя навіны Беларусі, а часам забаўляць пацешнымі навінамі з усяго свету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі