Іх норавы: Сміт перапрашае, збожжа выязджае, а ў прэзідэнта ў самбрэра праблемы
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
На гэтым тыдні вы выдыхнулі — пасля візіту Нэнсі Пэлосі на Тайвань Трэцяя сусветная вайна не пачалася. Недзе ў гэты час з той жа нагоды журыліся адміны тэлеграм-каналаў. А Еўрарадыё сачыла не толькі за самалётам Пэлосі, але і за іншымі сусветнымі навінамі.
Сцісла перакажам іх усе. Але пачнём з Тайваня.
Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.
Як Кітай хоча заваяваць Тайвань
Старшыня КНР Сі Цзіньпін прыдумаў, як захапіць Тайвань. Трэба ўсяго толькі "заваяваць сэрцы і розумы" жыхароў вострава. Гучыць куды як больш хітра, чым проста "заваяваць Тайвань".
Дарэчы, заваёўваць сэрцы і розумы плануюць не толькі на Тайвані, але яшчэ і ў Макаа і Ганконгу. Працаваць на гэта заваяванне будзе так званы Аб'яднаны фронт.
"Неабходна прыкласці намаганні, каб умацаваць шэрагі патрыётаў за мяжой і дапамагчы большай колькасці замежнікаў зразумець і стаць дружалюбнымі ў адносінах да Кітая", — цытуе старшыню КНР Сі Цзіньпіна CNN са спасылкай на агенцтва "Сіньхуа".
Вы чакалі Трэцюю сусветную? А старшыня Сі хоча, каб Тайвань, Ганконг і Макаа самі захацелі як у Пекіне. Агрэсіўным заваёўнікам на заметку.
Праўда, пераканаць Тайвань, што яны хочуць як у Пекіне, будзе няпроста. Якраз цяпер КНР сутыкаецца з запавольваннем эканамічнага росту і ўсё большай крытыкай з боку заходніх урадаў.
Як выбраць добрага прэзідэнта
Усяго год таму мы расказвалі вам, як Перу выбрала крутога прэзідэнта з народа, школьнага настаўніка Пэдра Кастылья. І мы былі натхнёныя, Пэдра здаваўся ўзорным прэзідэнтам. Ён хацеў, каб у багатай краіне больш не было бедных, ён перадаў прэзідэнцкі палац Міністэрству адукацыі і сам планаваў працягваць жыць на адзін заробак настаўніка.
І вось, Пэдра правёў ва ўладзе год. За гэты час пры ім змянілася чатыры прэм'еры, апошні, Анібал Торэс, пайшоў у адстаўку днямі, піша CNN.
"Я іду ў адстаўку, я служыў разам з вамі нашай радзіме і асабліва — адрынутым і забытым людзям", — гаворыцца ў лісце Торэса да прэзідэнта, які ён размясціў у твітары.
А апазіцыя хоча, каб сышоў не столькі Торэс, колькі сам Кастылья. Цяпер у дачыненні да яго праводзіцца пяць расследаванняў, з іх чатыры — па тэме карупцыі. Днямі, выступаючы перад Кангрэсам, Кастылья прызнаў, што дапусціў памылкі. Але сказаў, што гатовы паўстаць перад судом.
Але падкрэсліў — перад судом, а не перад суддзямі са СМІ. Гэтая перуанская гісторыя не дапамагае адказаць на пытанне, як выбраць добрага прэзідэнта. У Перу з 2016 года змянілася ўжо пяцёра, пісала РБК.
Збожжа ў дарозе
Да добрых навін: першае судна са збожжам пакінула ўкраінскі порт на гэтым тыдні, піша ВВС. Для свету гэта значыць, што глабальнага голаду пакуль не будзе.
На борце судна — 26 тысяч тон кукурузы. Афіцыйныя асобы з Украіны, Расіі, Турцыі і ААН праінспектавалі груз і не знайшлі нічога падазронага. Толькі кукуруза.
Карабель адпраўляецца з украінскай Адэсы ў Ліван. І гэта добра не толькі для свету, але і для Украіны. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі спадзяецца, што пастаўкі збожжа зноў стануць рэгулярнымі, а гэта матывуе фермераў зноў сеяць, каб у наступным сезоне зноў было што есці і чым гандляваць.
Вядома, адно судна ўсе ўкраінскія запасы збожжа не перавязе, гэта толькі пачатак. І калі рэйс у Ліван пройдзе паспяхова, то з украінскіх партоў выйдуць яшчэ 17 гружаных збожжам караблёў.
Што бывае, калі не расследаваць злачынствы
Яшчэ трохі пра Ліван, у які плыве ўкраінскае збожжа. Уявіце 2020 год. Што вы бачыце? А калі гэтае пытанне задаць жыхарам ліванскага Бейрута, яны адкажуць: выбух у порце.
Гэтая тэхнагенная катастрофа адбылася 4 жніўня 2020 года. У Беларусі ў той дзень Аляксандр Лукашэнка звяртаўся да парламента. А ў Бейруце выбухнула 2,7 тыс. тон аміячнай салетры.
Больш за 200 чалавек загінулі. Больш за 300 тысяч засталіся без жылля. Частка горада проста знікла. А судовы разбор заглух, піша CNN.
Але вінаватых у неналежным захоўванні тон салетры не назвалі, людзям прапанавалі проста жыць далей. А некаторых палітыкаў, якім следчыя спрабавалі выставіць абвінавачанні, нават абралі ў парламент.
На гэтым тыдні ўсё ў тым жа порце пачалі гарэць два бункеры для захоўвання сіласу. І праз некалькі дзён гэтыя гіганцкія будынкі абваліліся — вы маглі бачыць уражальнае відэа.
"Гэта абвальванне нагадвае крах дзяржавы, якая павольна развальваецца, без якіх-небудзь сур'ёзных спробаў спыніць катастрофу або прыцягнуць да адказнасці вінаватых", — напісала ў твітары ліванская актывістка Люсьен Буржэйні.
Здаецца, Бейрут наглядна паказвае, што бывае, калі занадта хутка перагортваць старонкі.
"Крыс, я прыношу свае выбачэнні"
І працягваем тэму работы над памылкамі. Уіл Сміт на гэтым тыдні паказаў, што прасіць прабачэння ніколі не позна. Відэавыбачэнне Сміта апублікавала Reuters.
На відэа актор кажа, што глыбока раскайваецца ў тым, што ўдарыў па твары ў жывым эфіры Крыса Рока — таго самага вядоўцу цырымоніі "Оскар", які няўдала пажартаваў пра жонку Сміта. Актор кажа, што спрабаваў пагаварыць з комікам асабіста, але атрымаў адмову.
— Крыс, я прыношу свае выбачэнні. Мае паводзіны былі непрымальныя. І я гатовы пагаварыць, калі ты будзеш гатовы.
Уіл Сміт граў ну вельмі крутых хлопцаў. І паказвае, што па-сапраўднаму крутыя хлопцы просяць прабачэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.