Брытанцы не кураць дома, а ў сектары Газа не хапае хлеба — #ІхНоравы
Брытанцы ўсё менш кураць дома
Навукоўцы-эколагі з аптымізмам глядзяць на спробы Кітая скараціць забруджванне навакольнага асяроддзя. Брытанскія домаўладальнікі радзей за іншых у Еўропе кураць у сябе дома. Махляры выкарыстоўваюць "чорную пятніцу", каб красці грошы ў няўважлівых кліентаў. А ў сектары Газа набліжаецца гуманітарны крызіс праз недахоп хлеба.
Больш падрабязна пра гэта — у нашай традыцыйнай зводцы навін "Іх норавы".
Кітай дасягне піка выкіду вуглякіслага газу ў атмасферу да 2025 года
Добрыя навіны для абаронцаў экалогіі.
Новыя даследаванні, праведзеныя Цэнтрам даследаванняў у галіне энергетыкі і чыстага паветра (CREA) і Міжнародным таварыствам вывучэння энергетычнага пераходу (ISETS), паказалі, што 44% экспертаў чакаюць піка выкідаў CO₂ ў Кітаі не пазней за 2025 год.
Аналагічна, 52% лічаць, што спажыванне вугалю таксама дасягне максімуму ў гэты тэрмін.
Гэта важны паказчык, бо вугаль дае 80% выкідаў мясцовай прамысловасці. Намаганні Кітая па выкарыстанні аднаўляльнай энергіі і зніжэнні вугляродных выкідаў усяляюць усё больш аптымізму.
Рост сонечнай і ветравой генерацыі, павелічэнне продажаў электрамабіляў і кантроль над развіццём вугальнай энергетыкі пацвярджаюць паскарэнне пераходу.
З 2022 года доля экспертаў, якія лічаць, што выкіды ўжо дасягнулі піка або дасягнуць яго да 2025 года, вырасла з 15% да 44%.
Аднак аналіз CREA сведчыць, што спажыванне энергіі ў Кітаі ўсё яшчэ перавышае рост ВУП, што пагражае мэтам Парыжскага пагаднення.
Брытанцы-рэкардсмены сярод еўрапейцаў у нежаданні курыць дома
Сем з дзесяці дамоў у Еўропе лічацца свабоднымі ад тытунёвага дыму, але сітуацыя моцна вар'юецца паміж краінамі.
Паводле даследавання, апублікаванага ў ERJ Open Research, лідарам стала Англія, дзе 85% уладальнікаў дамоў не кураць у жылых памяшканнях. За ёй ідуць Ірландыя, Латвія і Італія. На процілеглым канцы спіса — Грэцыя (44%), а таксама Румынія, Балгарыя і Іспанія.
У дамах, дзе не кураць тытунь, часцей жывуць пажылыя людзі, жанчыны, сем'і з дзецьмі і людзі з вышэйшай адукацыяй.
Хаця многія краіны з 2004 года ўвялі забарону на курэнне ў грамадскіх месцах, у хатніх прасторах цыгарэтны дым усё яшчэ прысутнічае.
Даследаванне выявіла, што прыкладна 20% дамоў часткова забараняюць курэнне, абмяжоўваючы яго асобнымі зонамі або выпадкамі.
Пасіўнае курэнне звязана з сур'ёзнымі захворваннямі, такімі як рак лёгкіх і хваробы сэрца, і штогод выклікае да 24 тысяч смерцяў у Еўропе. Аўтары даследавання адзначаюць, што колькасць дамоў без дыму павялічваецца ўсяго на 1% у год.
Каб паскорыць гэты працэс, патрабуюцца ўзмоцненыя меры кантролю за тытунём, уключаючы забароны на курэнне ў працоўных месцах, аўтамабілях і распрацоўку стратэгій для адмовы ад курэння дома.
Як абараніцца ад махляроў у "чорную пятніцу"
З ростам папулярнасці міжнароднага дня распродажаў "Чорная пятніца" пачасціліся выпадкі махлярства. Яны часта адбываюцца праз падробленыя зніжкі, фішынгавыя сайты і фальшывую рэкламу.
Паводле даследавання Bitdefender, 75% тэматычных лістоў наконт "чорнай пятніцы" з'яўляюцца махлярскімі, прычым Еўропа атрымлівае 44% такіх паведамленняў.
Асноўнымі прычынамі росту афёр сталі даступныя інструменты на цёмным вэбе і новыя тэхналогіі, уключаючы штучны інтэлект, якія дазваляюць ашуканцам ствараць пераканаўчыя падробкі.
Каб пазбегнуць падману, эксперты раяць уважліва правяраць прадаўцоў і сайты, асабліва новыя. Трэба пераканацца ў сапраўднасці адрасоў крам, пазбягаць падазроных спасылак і рабіць пакупкі толькі на правераных платформах.
Лепш выкарыстоўваць крэдытныя карты, бо яны прапануюць больш узроўняў абароны ад махлярства. Важна таксама быць асцярожным з "занадта выгаднымі" прапановамі і таймерамі, якія ствараюць адчуванне тэрміновасці.
Планаванне пакупак, строгае прытрымліванне бюджэту і праверка водгукаў — вось ключавыя меры абароны.
У сектары Газа масава зачыняюцца пякарні
У Газе праз недахоп мукі і паліва пякарні масава спыняюць працу, што пагаршае гуманітарны крызіс. Так, па звестках Сусветнай харчовай праграмы (WFP), зачыніліся ўсе пякарні ў цэнтральнай частцы рэгіёну.
ААН папярэджвае, што хлеб, які для многіх сем'яў з'яўляецца адзіным даступным прадуктам, робіцца недаступным, і сітуацыя з недаяданнем працягвае пагаршацца.
Тым часам жыхары паўночнай часткі Газы масава бягуць ад ізаляцыі і адсутнасці гуманітарнай дапамогі. Па ацэнках ААН, больш за 130 тысяч чалавек пакінулі раён, а ад 50 да 75 тысяч застаюцца без ежы, вады і электрычнасці.
Арганізацыя Oxfam заяўляе, што паўночныя раёны, такія як Джабалія і Бейт-Лахія, практычна адрэзаныя ад знешняга свету.
Нягледзячы на перамір'е паміж Ізраілем і "Хезбалой" у Ліване, баявыя дзеянні ў Газе працягваюцца. Ізраіль настойвае на знішчэнні ХАМАС і ўсталяванні кантролю над часткай тэрыторыі.
Міжнародныя арганізацыі заклікаюць да неадкладнага павелічэння гуманітарнай дапамогі, але доступ да рэгіёна застаецца абмежаваным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.