Паліклінікам дазволілі аказваць платныя паслугі ў выходныя дні і святы
Медык, ілюстрацыйнае фота
Беларускім паліклінікам дазволілі "аказваць па жаданні грамадзян асобныя медыцынскія паслугі ў выхадныя і святочныя дні. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, паведамляе прэс-служба ўрада.
Таксама пашыраецца дзеючы пералік платных медыцынскіх паслуг. У яго ўключаць самыя папулярныя "медыцынскія ўмяшанні (у асноўным хірургічнага профілю)" і дыягнастычныя даследаванні. Адзначаецца, што ўсе гэтыя паслугі будуць аказваць у дзяржаўных медустановах, "якія маюць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу і кадравы патэнцыял".
Мінздароўя ўдакладняе, што гэтая мера праходзіла эксперыментальную "абкатку" ў 265 установах і паказала добрыя вынікі.
Спіс платных паслуг, дастуных у выходныя і святочныя дні, папоўняць:
гінекалагічныя,
уралагічныя,
афтальмалагічныя,
нейрахірургічныя,
отарыналарынгалагічныя,
рэнтгенахірургічныя,
рэканструктыўныя,
артапедычныя,
траўматалагічныя,
сківічна-тварныя,
агульнахірургічныя,
практалагічныя,
эндаскапічныя.
Улады не хаваюць, што такім чынам плануюць стварыць канурэнцыю прыватным медцэнтрам, "якія аказваюць платныя медыцынскія паслугі па высокіх цэнах". Таксама новаўвядзенне, як мяркуецца, дазволіць медыкам павысіць узровень заробкаў і забяспечыць эфектыўнасць выкарыстання медыцынскага абсталявання.
У чэрвені 2022-га Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе развіваць дзяржаўную сістэму аховы здароўя, бо "прыватнай ён ужо наеўся". У тым жа годзе ў шэрагу прыватных медцэнтраў узніклі праблемы з ліцэнзіямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.