Навагодні цуд. Беларуса, якога ледзь не прагналі дадому, прытуляць у Польшчы
Беларускі журналіст Андрэй Ліпскі
— Пашпарт знайшоўся, рашэнне пра наданне статусу бежанца прыйшло на пошту пад самы Новы год, — дзеліцца з чытачамі Еўрарадыё добрымі навінамі беларускі журналіст светлагорскага медыяхолдынгу "Ранак" Андрэй Ліпскі.
Сутыкнуўшыся з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, Андрэй быў вымушаны бегчы. Ён прыляцеў у Германію, дзе ў яго жыве дачка ад першага шлюбу, здаўся паліцэйскаму і папрасіў палітычнага прытулку.
Чакаючы рашэння, журналіст доўга бадзяўся па лагерах для бежанцаў, адкуль яго дэпартавалі ў Польшчу, не вярнуўшы пашпарт. Андрэй некалькі разоў беспаспяхова спрабаваў легалізавацца на новым месцы. Пасля таго як памежнікі паведамілі, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь, мужчына напісаў апеляцыю, а Еўрарадыё расказала яго гісторыю.
Цуд пад Новы год
— Ці то праз шуміху ў СМІ, ці то праз тое, што дапамагала дачка, якая жыве ў Германіі і пісала-тэлефанавала па гэтых маіх былых лагерах, пайшоў нейкі рух, — расказвае Андрэй Ліпскі. — У канцы лістапада ці пачатку снежня мне прыйшоў ліст з польскага Міністэрства замежных спраў пра тое, што мой пашпарт з 19 лістапада перададзены ва ўпраўленне па справах замежнікаў.
То-бок пашпарт знайшоўся.
Польшча прыняла нядрэнна
Пасля гісторыі з дэпартацыяй, зніклым пашпартам і пагрозай вяртання ў Беларусь Андрэй працягвае з асцярогай глядзець на людзей у форме, хоць разумее, што паліцыянты нічога кепскага яму не зрабілі.
Адказваючы на пытанне, як жывецца ў Польшчы, Андрэй кажа, што краіна прыняла яго нядрэнна.
— Народ добразычлівы, ніякага негатыву з боку палякаў я не адчуваю, — усміхаецца суразмоўца. — Што да камунікацыі, то выразаў "dzień dobry" [добры дзень] i "przepraszam" [прабачце] пакуль хапае для зносін у крамах.
У Лодзі я арандую пакой у двухпакаёўцы. Вядома, па нашых беларускіх мерках кошт арэнды сталічны, але выбіраць асабліва няма з чаго. У цэлым, я задаволены тым, што на волі, тым, што стан здароўя ў норме. А далей будзем жыць, усе дарогі для нас адкрытыя, я так думаю.
Пакуль будзе аптымізм, пазітыўнае стаўленне да рэчаіснасці, усё будзе калі не добра, то нармальна.
У новым годзе Андрэй збіраецца скончыць гісторыю з бюракратычнай беганінай і больш працаваць.
— Вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца ўз'яднацца з сям'ёй. Я буду прыкладаць для гэтага максімум намаганняў, бо аднаму... аднаму цяжка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.