Самагубства ў Cybertruck ды выжылы сярод ільвоў — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
Урад Венесуэлы паабяцаў 100 тысяч долараў таму, хто дапаможа ў “паляванні” на апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах, а ў італьянскім горадзе цалкам забаранілі курэнне ў грамадскіх месцах.
Пра гэта ды іншае чытайце ў нашай штодзённай рубрыцы “Іх норавы”.
Што агульнага ў інцыдэнтах у Лас-Вегасе і Новым Арлеане
Паліцыя Лас-Вегаса высветліла, што кіроўцам Tesla Cybertruck, які выбухнуў каля гатэля Trump, быў дзейны салдат спецназа ЗША, 37-гадовы Мэцью Алан Лівелсбергер. На момант здарэння ён служыў у Германіі, але быў у адпачынку, наведваў у родным Каларада жонку і дачку.
Пасля гэтага мужчына арандаваў Cybertruck у Дэнверы 28 снежня і паехаў у ім у Лас-Вегас, прыпаркаваў аўто перад шкляным уваходам у гатэль, застрэліў сябе, пасля чаго выбухнула сама машына, напоўненая паліўнымі каністрамі.
Цела ў аўтамабілі абгарэла да непазнавальнасці і было знойдзенае з самананесеным агнястрэльным раненнем галавы.
Інцыдэнт адбыўся ў першы дзень новага года. Сямёра чалавек атрымалі лёгкія раненні. Паліцыя высвятляе матывы кіроўцы.
Улады паведамілі, што бачаць некалькі паралеляў паміж падазраванымі ў інцыдэнце ў Лас-Вегасе і нападам грузавіка ў Новым Арлеане, у выніку якога загінулі 14 чалавек.
Абодва здарэнні адбыліся на Новы год. Абодва падазраваныя служылі ў Форт-Брэг у Паўночнай Караліне, хоць няма звестак аб тым, што яны служылі ў адным падраздзяленні або былі там адначасова.
Абодва мужчыны таксама служылі ў Афганістане ў 2009 годзе, але няма доказаў, што яны былі ў адным рэгіёне або падраздзяленні. Абодва таксама карысталіся арэнднай кампаніяй Turo для аўтамабіляў, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнтах.
Венесуэла прапануе грашовую ўзнагароду за апазіцыянера, які знаходзіцца ў выгнанні
Улады Венесуэлы абвясцілі ў чацвер, што прапануюць 100 000 долараў за інфармацыю, якая дапаможа ў затрыманні апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Эдмунда Гансалеса Уруціі. Раней ён атрымаў прытулак у Іспаніі, а цяпер накіроўваецца ў Аргенціну.
“Пачынаецца наш тур па Лацінскай Амерыцы. Першы прыпынак: Аргенціна”, — напісаў венесуэльскі апазіцыянер на платформе X. Ён плануе сустрэцца з аргенцінскім прэзідэнтам Хаўерам Мілеем і заклікаў венесуэльцаў сабрацца на цэнтральнай плошчы Пласа-дэ-Маё.
75-гадовы палітык паабяцаў вярнуцца ў сваю краіну, каб прыняць прэзідэнцкую прысягу 10 студзеня замест Мадура, які павінен прыняць прысягу ў гэты дзень пры падтрымцы лаяльных вайскоўцаў.
Апошнія выбары ў Венесуэле адбыліся 28 ліпеня. Тады дзейны кіраўнік краіны Нікалас Мадура чарговы раз абвясціў сваю перамогу, а апазіцыя — што ў яе ёсць доказы перамогі Уруціі.
Урад так і не апублікаваў вынікі галасавання ды брутальна задушыў вулічныя пратэсты, якія ўспыхнулі пасля выбараў. У выніку 28 чалавек загінулі, 200 атрымалі раненні і больш за 2400 былі арыштаваныя. Прынамсі трое затрыманых памерлі ў турме.
Хлопчык выжыў пяць дзён у парку, населеным ільвамі
У гульнявым парку Матусадона на поўначы Зімбабвэ пасля пяці дзён быў знойдзены хлопчык. Сямігадовы Цінатэнда Пуду праблукаў як мінімум 49 кіламетраў у парку, выкарыстоўваючы свае веды аб дзікай прыродзе і навыкі выжывання.
Хлопчык харчаваўся дзікай садавіной ды капаў невялікія калодзежы ў сухіх рэчышчах рэк з дапамогай палкі, каб атрымаць доступ да пітной вады, — гэтаму навыку вучаць у схільнай да засухі мясцовасці, паведаміла BBC.
Адрэналіну гісторыі дадае факт, што парк Матусадона налічвае 40 ільвоў і ў нейкі момант там была адна з найвышэйшых шчыльнасцей папуляцыі гэтых жывёлаў у Афрыцы. Парк займае плошчу больш за 1470 квадратных кіламетраў і з'яўляецца домам яшчэ для зебраў, сланоў, бегемотаў і антылоп.
Пошукі хлопца трывалі нон-стоп. Мясцовая супольнасць кожны дзень біла ў барабаны, каб паспрабаваць накіраваць яго дадому. Але ўрэшце хлопца знайшлі наглядчыкі парку.
На пяты дзень у дзікай прыродзе Цінатэнда пачуў машыну рэйнджара і пабег да яе, ледзь не размінуўшыся. Яны заўважылі “свежыя маленькія чалавечыя сляды” і абшукалі тэрыторыю, пакуль не знайшлі хлопца.
У італьянскім горадзе забаранілі курыць на вуліцы
З гэтага года пачала дзейнічаць забарона на курэнне на вуліцах Мілана. Парушальнікам пагражаюць штрафы ў памеры ад 40 да 240 еўра. Гэта самыя жорсткія меры па барацьбе з курэннем у Італіі, дзе залежнасць ёсць у амаль чвэрці насельніцтва.
У Мілане і яго прыгарадах каля 7% усіх шкодных выкідаў прыпадае на курэнне. У 2020 годзе ўлады горада прынялі законапраект аб чыстым паветры. Ён абмежаваў магчымасці для курэння тытуню, але не закрануў вейпаў і электронных цыгарэт.
Жыхарам Мілана тады забаранілі курыць на дзіцячых пляцоўках, аўтобусных прыпынках і спартовых арэнах. Цяпер яны змогуць курыць на вуліцы, толькі калі знаходзяцца ў ізаляваных месцах на адлегласці 10 метраў ад іншых людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.