Ад піратэхнікі ў навагоднюю ноч пацярпелі паўтара дзясятка беларусаў
Піратэхніка, ілюстрацыйнае фота
Паўтара дзясятка чалавек атрымалі траўмы ад піратэхнікі на Новы год. Некалькі з іх ад выбухаў засталіся без пальцаў, паведамляе прэс-служба МНС.
У Мінскай вобласці пацярпелі чацвёра. 14-гадоваму падлетку ў Барысаўскім раёне выбухам адарвала фалангу пальца. У Маладзечанскім раёне 45-гадовы мужчына ад феерверку атрымаў траўму вока. Жыхар Смалявіцкага раёна звярнуўся ў бальніцу з апёкам. А мужчыну з вёскі Малінаўка Мінскага раёна ў бальніцу прывезлі з траўмамі абедзвюх ног.
У Віцебскай вобласці да медыкаў звярталіся тры чалавекі — двое дарослых і адзін падлетак. У вёсцы Пальмінка Гарадоцкага раёна у руках 37-гадовага мужчыны, а 56-гадовы жыхар Наваполацка пацярпеў ад выбуху петарды ў руках. Абодва ад шпіталізацыі адмовіліся.
12-гадоваму падлетку з аграгарадку Язна Мёрскага раёна пашанцавала менш. Пасля выбуху петарды ў руках хлопчыка шпіталізавалі з ампутацыяй фалангі аднаго пальца і траўмамі кісці левай рукі.
У Гродне 32-гадовы мужчына застаўся без пальца пасля выбуху феерверка ў двары дома. У вёсцы Дубніца Гродзенскага раёна 52-гадовы мужчына атрымаў траўмы кісці. Шпіталізацыя не спатрэбілася.
У Брэсцкай вобласці жыхару Пінска петардай адарвала фалангу пальца на прыпынку.
Два чалавекі пацярпел на Магілёўшчыне. У Бабруйску ад выбуху піратэхнікі мужчына атрымаў траўму левага вока. А 63-гадовага магілёўца ў выніку выбуху петарды давялося шпіталізаваць.
У Гомельскай вобласці па меддапамогу пасля выкарыстання піратэхнікі звярнуліся тры чалавекі, паведамляе абласная міліцыя. 37-гадовы гамяльчук атрымаў траўму пальцаў левай рукі пры выбуху петарды ў двары дома. 33-гадовы мужчына ў гасцях у сваякоў узрываў піратэхніку ў двары дома. Ён атрымаў траўму правай рукі.
У Брагінскім раёне пры выбуху піратэхнікі 12-гадовы хлопчык атрымаў тэрмічны апёк грудной клеткі. Падчас інцыдэнту ён быў з 52-гадовым бацькам. Хлопчыка шпіталізавалі ў цэнтральную райбальніцу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.