Беларуса не пусцілі ў Літву за вымпел з чырвонай зоркай і георгіеўскай стужкай
Літоўска-беларуская мяжа
54-гадовага грамадзяніна Беларусі не пусцілі ў Літву і аштрафавалі за выкарыстанне забароненых сімвалаў.
Як паведамляе памежная служба Літвы, наш суайчыннік ехаў на аўтамабілі Audi праз памежны пункт пропуску "Мядзінінкай". Мужчына меў дазвол на жыхарства ў Літве, які атрымаў у чэрвені мінулага года.
У салоне аўтамабіля на бачным месцы памежнікі заўважылі вымпел з сімволікай савецкіх Паветрана-дэсантных войскаў. На ім былі намаляваныя парашут, чырвоная зорка, самалёты і георгіеўская стужка.
У Літве заканадаўча забароненая дэманстрацыя нацысцкіх і камуністычных сімвалаў, а таксама сімвалаў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. У выніку памежнікі не прапусцілі беларуса праз мяжу, канфіскавалі ў яго вымпел і аштрафавалі на 150 еўра.
Як расказвала Еўрарадыё, два тыдні таму 33-гадовага беларуса не пусцілі ў Літву, бо на яго аўтамабілі была налепка "СССР".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.