“Наркакарыда” і рэкордныя цэны на каву — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
Пакуль S.T.A.L.K.E.R. 2 б’е рэкорды на платформе Steam, з іншай папулярнай гульні, Hitman, прыбралі персанажа вядомага баксёра Конара Макгрэгара.
Разам з тым пакуль мы (ды і вы) сядзім на працы, у Паўднёвай Карэі 10% працоўных месцаў у прамысловым сектары ўжо занялі робаты.
Пра гэта ды іншае — у штодзённай рубрыцы Еўрарадыё "Іх норавы".
Паўднёвая Карэя стала першай краінай, дзе робаты занялі 10% працоўных месцаў у прамысловым сектары
Паўднёвая Карэя стала першай краінай у свеце, дзе робаты занялі больш за 10% працоўных месцаў у прамысловым сектары. Пра гэта напісаў Independent са спасылкай на даследаванне World Robotics.
На гэты момант у Паўднёвай Карэі налічваецца 1102 робаты на 10 тысяч работнікаў. За апошнія гады краіна стала лідарам па ўкараненні робатаў на фабрыках.
Наступныя ў спісе — Сінгапур і Кітай. Сярод еўрапейскіх краін лідарам прызналі Германію. Там больш за 400 робатаў на 10 тысяч работнікаў.
У Паўднёвай Карэі ўкараненне робатаў разглядаюць як спосаб вырашэння праблемы скарачэння працаздольнага насельніцтва з прычыны нізкай нараджальнасці.
Робаты ў краіне працуюць усюды — ад бальніц да рэстаранаў.
Прэзідэнтка Мексікі супраць “наркакарыда”
Прэзідэнтка Мексікі Клаўдыя Шэйнбаўм плануе распачаць кампанію супраць “narco corrido”. Гэта музычны жанр, які часта звязваюць з гвалтам у наркакартэлях.
Шэйнбаўм абвясціла пра намер распачаць кампанію па папулярызацыі менш гвалтоўных музычных жанраў, якія не так цесна звязаныя з гандлем наркотыкамі. Мэта кампаніі — спыніць праслаўленне гандляроў і барацьба з наркакультурай.
“Забараніць іх — не варыянт”, — сказала Шэйнбаўм. Замест гэтага прэзідэнтка прапануе канкурэнцыю з іншымі карыда-гуртамі, якія “праслаўляюць іншыя паводзіны і культурныя погляды”.
Яе сакрэтная зброя — 47-гадовы губернатар Эстэбан Вілегас, які час ад часу спявае больш традыцыйныя песні ў стылі "банда".
Эксперты перакананыя, што галоўнай прычынай росту цэн да 27-гадовага максімуму сталі навіны з Бразіліі, адной з найбуйнейшых сусветных экспарцёрак кавы. Гандляры адзначаюць, што праз неўраджай і засуху магчымы дэфіцыт кававых зерняў.
Журналісты пішуць, што, нягледзячы на дастатковую колькасць запасаў у пастаўшчыкоў, вытворцы актыўна скарачаюць прапанову на рынку на выпадак, калі студзеньская справаздача Мінаграпрама Бразіліі апублікуе звесткі, ніжэйшыя за чаканы ўзровень 1,7 млн мяшкоў кававых зерняў.
Аналітык Rabobank Гільерме Морыя кажа, што на патэнцыял ураджаю кавы "безумоўна паўплываў працяглы сухі і спякотны перыяд, які зменшыў пасевы кавы арабікі да верасня".
"Цяпер ёсць асцярогі, што плады кавы не паспеюць саспець, а гэта падвяргае цэлы ўраджай небяспецы таго, што можа быць дэфіцыт", — канстатуе спадар Морыя.
Адмена Конара Макгрэгара
Персанажа прафесійнага баксёра Конара Макгрэгара прыбралі з відэагульні Hitman пасля таго, як суд у Дубліне прызнаў яго вінаватым у згвалтаванні.
"Мы ставімся да гэтага пытання вельмі сур'ёзна і не можам ігнараваць яго наступствы", — так распрацоўшчыкі патлумачылі сваю адмову працягнуць супрацоўніцтва з Макгрэгарам.
Персанаж Конара Макгрэгара з’яўляецца ў гульні Hitman: World of Assassination у адной з дадатковых місій, дзе гульцу даручана яго забіць. Геймеры, якія ўжо аплацілі дадатковыя матэрыялы, змогуць праходзіць гэтую місію і далей.
22 лістапада байца змяшаных адзінаборстваў Конара Макгрэгара прызналі вінаватым у згвалтаванні ў 2018 годзе. Цяпер ён мусіць выплаціць пацярпелай 248 тысяч еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.