У Румыніі кандыдат-папуліст набраў выбаршчыкаў у TikTok — #ІхНоравы

Кандыдат у прэзідэнты Румыніі набраў выбаршчыкаў у TikTok

Кандыдат у прэзідэнты Румыніі набраў выбаршчыкаў у TikTok / @rubanau_collage

Невядомы і нікому асабліва не цікавы прафесар універсітэта, распаўсюдзіўшы свае сумнеўныя ідэі праз TikTok, цяпер мае ўсе шанцы стаць прэзідэнтам Румыніі. Вось так сацыяльныя медыя ператвараюць таго, хто быў нікім, у знакамітасць!

Але бывае і наадварот: зоркі імкнуцца схавацца ад публічнасці, бо не вытрымліваюць пастаяннага напружання — як, напрыклад, адна з наймацнейшых вакалістак сучаснасці Адэль.

А ў старадаўнія часы былі іншыя спосабы заявіць пра сябе: збудаваць храм, напрыклад! Так зрабіў Юстыніян амаль 1500 гадоў таму — і цяпер пра гэта даведаліся археолагі.

Пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Румынія сімпатызуе прарасійскаму ультраправаму кандыдату

Гэта шок, пішуць заходнія медыя: на прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі ў лідары прарваўся малавядомы палітык-папуліст Калін Джарджэску. Ён выйшаў у другі тур выбараў, набраўшы 22,9% галасоў. Галасаванне адбудзецца 8 снежня.

Хто ж такі Джарджэску? Яму 62 гады, ён прафесар універсітэта. Вядомы крытыкай ЕС і NATO (Румынія ўваходзіць у альянс з 2004 года і размяшчае ў сябе вайсковую базу), а да таго ж вялікі прыхільнік Масквы і асабіста Пуціна. Пра яго кандыдат у прэзідэнты Румыніі кажа, што гэта “чалавек, які любіць сваю краіну”.

Румынія мяжуе з Украінай, таму за вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне ў Еўропе пільна сочаць. Перамога Джарджэску паставіць пад пагрозу падтрымку Украіны ў вайне.

Нечаканае лідарства прарасійскага палітыка сведчыць пра тое, што сусвет нічога не ведаў пра сапраўдныя настроі ў Румыніі. Перадвыбарчыя апытанні абяцалі Джарджэску не больш за 5% падтрымкі, а перамогу прадракалі дзейнаму прэм’ер-міністру Марчэлу Чолаку, праеўрапейскаму палітыку.

У Румыніі кандыдат-папуліст набраў выбаршчыкаў у TikTok — #ІхНоравы
Калін Джарджэску / noi.md

Але як такі непрыкметны кандыдат заваяваў такую падтрымку за кароткі час? З дапамогай TikTok!

Там ён згуртаваў выбаршчыкаў вакол сябе, правёўшы вірусную кампанію: ён крытыкаваў ЕС за тое, што Румынія залежыць ад імпарту прадуктаў і энергіі, выказаў падтрымку фашысцкаму легіянерскаму руху ў Румыніі падчас Другой сусветнай.

Таксама ён заклікаў спыніць дапамогу Украіне, бо, на яго думку, вайна ў суседняй краіне — гэта маніпуляцыя амерыканскіх вайсковых кампаній.

Брытанская спявачка Адэль сышла ў бестэрміновы адпачынак

36-гадовая артыстка днямі дала ў Лас-Вегасе свой апошні канцэрт — соты. Абвяшчаючы пра перапынак у кар’еры, Адэль расплакалася. Апошнія два гады яна кожныя выходныя выступала ў Лас-Вегасе ў зале на 4000 чалавек.

“Мне так сумна, што мае выступы ў Лас-Вегасе скончыліся, але я так радая, што яны былі, праўда-праўда. Я буду жудасна сумаваць па іх, я буду жудасна сумаваць па вас. Я не ведаю, калі я зноў захачу выступіць”.

Раней Адэль у інтэрв’ю казала, што адчувае сябе стомленай і раздражнёнай: “Я ўжо старая і звадлівая”, — жартавала яна.

Адэль набыла сусветную вядомасць пасля альбома “21”, які атрымаў 6 “Грэмі” і стаў альбомам 2012 года. У 2017-м ашаламляльны поспех амаль паўтарыў альбом “25”. 

У Румыніі кандыдат-папуліст набраў выбаршчыкаў у TikTok — #ІхНоравы
Пасля канцэртнага туру па Еўропе Адэль бярэ адпачынак / Instagram/adele

А ў 2021-м альбом “30” стаў самым пранікнёным, з якога прыхільнікі даведаліся пра Адэль не толькі як моцную вакалістку, але і чуллівую паэтку.

Агулам на рахунку спявачкі 16 прэмій “Грэмі”, “Оскар” і “Залаты глобус”.

У Італіі знайшлі базіліку 1500-гадовай даўніны

Хрысціянскі храм быў пабудаваны паміж IV і VI стагоддзямі нашай эры за часамі рымскага імператара Юстыніяна I. Знаходку зрабілі аўстрыйскія археолагі ў старажытным італьянскім горадзе Аквілея.

Аквілея — рымская вайсковая калонія, была размешчаная на канцавым пункце знакамітага Бурштынавага шляху, які пралягаў у тым ліку праз тэрыторыю сучаснай Беларусі. І вось на раскопках на захадзе горада навукоўцы знайшлі царкоўны будынак.

"Гэтая базіліка — першы нядаўна выяўлены буйны будынак за дзесяцігоддзі інтэнсіўных археалагічных даследаванняў у Аквілеі. Архітэктура дэманструе дзіўныя паралелі з Усходняй Рымскай імперыяй, якую можна знайсці ў Егіпце, Турцыі і на Балканах", — кажа археолаг Стэфан Грох з Аўстрыйскай акадэміі навук.

На думку навукоўцаў, базіліка, магчыма, была пабудаваная як сімвал заваявання Юстыніянам Верхняй Італіі пасля панавання готаў і дзеля аднаўлення каталіцкай веры “ў раёне, які трапіў пад уплыў хрысціянскіх еретыкоў”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі