Еўрапейская сталіца Калядаў і мемуары Ангелы Меркель пад ялінку — #ІхНоравы

Замежныя навіны

Замежныя навіны / @rubanau_collage

Вільню прызналі еўрапейскай каляднай сталіцай 2025 года. Тым часам жыхара Гамбурга асудзілі за тое, што той усталяваў у дзіцячым садку святочную ялінку.

Які падарунак да Калядаў падрыхтавала Ангела Меркель сваім прыхільнікам і якім чынам пенсіянерка з Канады двойчы трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса — чытайце ў нашай традыцыйнай рубрыцы “Іх Норавы”.  

 

Вільня — сталіца Калядаў

Вільню прызналі еўрапейскай каляднай сталіцай 2025 года. Такое рашэнне прыняла міжнародная камісія, якая звярнула ўвагу на самааддачу горада ў справе захавання святочнага настрою і здольнасць спалучаць калядныя традыцыі з навінкамі.

Еўрапейская сталіца Калядаў і мемуары Ангелы Меркель пад ялінку — #ІхНоравы
Ялінка ў Вільні / Julius Kalinskas | Delfi

Штраф за ялінку для дзетак

Каляды ўжо хутка, таму чарговая навіна таксама звязаная з гэтым прыгожым святам.

Летась у снежні ў Гамбургу здарылася цікавая гісторыя. 53-гадовы дырэктар кампаніі, якая займаецца пастаўкамі садовых раслін, вырашыў зрабіць добрую справу і перад Калядамі ўстанавіў ялінку з падарункамі ў дзіцячым садку.

Усё б нічога, але вось зрабіў ён гэта незаконна, таемна пракраўшыся на тэрыторыю ўстановы.

Адміністрацыя абурылася і звярнулася ў паліцыю. Амаль праз год суд прыняў рашэнне аб тым, што мужчына абавязаны выплаціць штраф у 3000 еўра.

— Юрыдычная сітуацыя адносна простая. Там быў плот. Непажадана, каб нехта заходзіў на гэтую тэрыторыю, — пракаментавала рашэнне суддзя.

У дзіцячым садку патлумачылі адмову ад "падараванай" ялінкі абаронай свабоды веравызнання, маўляў, не ўсе дзеці адзначаюць хрысціянскае свята.

Адвакат 53-гадовага абвінавачанага мае намер падаць апеляцыю. Ён раскрытыкаваў сам факт, што яго падапечнага асудзілі за "добрую справу".

 

Вельмі спартыўная пенсіянерка

Не важна, колькі табе гадоў, куды важней, наколькі ты любіш сваё жыццё. Гэта даказвае чарговы рэкорд 59-гадовай Доны Джын Уайлд з Канады. Жанчына зрабіла 1575 адцісканняў за гадзіну і другі раз трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Першым дасягненнем была планка на жываце, у якой жанчына змагла прастаяць 4 гадзіны, 30 хвілін і 11 секунд!

Мемуары Ангелы Меркель

Калі вы яшчэ не вызначыліся з падарункамі на Каляды — дык вось вам ідэя. 26 лістапада ў 30 краінах свету выйдуць мемуары экс-канцлера Германіі Ангелы Меркель.

У кнізе 736 старонак. У сваіх мемуарах палітык расказвае пра дзяцінства, юнацтва, падзенне Берлінскай сцяны і пачатак кар'еры.

Акрамя таго, Ангела Меркель згадвае пра свае адносіны з вядомымі палітыкамі, у тым ліку Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным.

Так, з Трампам у яго першы прэзідэнцкі тэрмін Меркель не ладзіла. Час ад часу журналісты пісалі, як кіраўнік Белага дома называў яе дурной і моцна крытыкаваў.

Што тычыцца Пуціна, Мэркель адчувала яго як чалавека, якому важна, каб яго паважалі.

З 2005 года на пасадзе канцлера Германіі Ангела Меркель неаднаразова станавілася самай уплывовай жанчынай свету па версіі Forbes.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі