Іх норавы: кандыдат з сэрцайкам, мараканскае сонца і найлепшы від на карону

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Праз год пасля святкавання плацінавага юбілею каралевы Вялікабрытанія будзе каранаваць яе сына Карла III. Адцягнем вас ад скролінгу навін з Беларусі навінамі з усяго свету.


 

Каму яшчэ флэшбэкаў?

Адзін з самых папулярных кандыдатаў у прэзідэнты складае далоні сэрцайкам і абяцае прынесці ў краіну дэмакратыю, піша ВВС. На гэты раз гаворка пра Турцыю. Калі вам было замала гісторый, якія паўтараюцца, то вось яшчэ адна.

Выбары ў Турцыі пройдуць на наступным тыдні, і галоўным супернікам дзейнага лідара Рэджэпа Таіпа Эрдагана лічаць Кемаля Кылычдараглу. Яго падтрымаў шасціпартыйны апазіцыйны альянс.

"Моладзь хоча дэмакратыі. Яны не хочуць, каб паліцыя прыходзіла да іх на досвітку толькі таму, што яны зрабілі пост у Твітэры", — цытуе Кылычдараглу ВВС, а беларусы ўздрыгваюць ад нахлынулых асацыяцый.

Зараз у Турцыі за абразу прэзідэнта могуць пазбавіць волі. А Кемаль Кылычдараглу кажа, што парупіцца пра тое, каб у моладзі было права крытыкаваць яго колькі захочацца.

Перадвыбарчыя відэаролікі Кылычдараглу запісваў за сваім сціплым кухонным сталом, на фоне якога акуратна віселі кухонныя ручнікі. Дарэчы, апазіцыя парупілася пра тое, каб на ўсіх выбарчых участках былі назіральнікі ад іх партый.

Яшчэ больш флэшбэкаў — у штотыднёвых зводках навін з Турцыі. Пачынайце чытаць проста зараз. Тым болей, да з'яўлення экспертаў па Турцыі ва ўсіх сацсетках застаецца 3, 2, 1… 
 

Эд Шыран сыдзе з музыкі, калі…

Калі суд Нью-Ёрка прызнае брытанскага музыку Эда Шырана вінаватым у плагіяце, ён кіне музыку, перажывала Daily Mail.

У Нью-Ёрку прысяжныя павінны былі вырашыць, ці скапіяваў Шыран песню Марвіна Гэя. Сам Гэй памёр яшчэ ў 1984 годзе, але сваякі яго суаўтара вырашылі вывесці Шырана на чыстую ваду. Маўляў, ён скраў у Гэя паслядоўнасць з чатырох акордаў.

Тая самая песня Марвіна Гэя

Брытанец ужо і праспяваў прысяжным сваю песню, і расказаў, што на яе натхніла, і падзяліўся, як ён наогул піша музыку. А на гэтым тыдні сказаў: усё, людцы, калі вы прызнаеце мяне вінаватым — я завязваю з музыкай.

"Для мяне гэта вельмі вялікая знявага — прысвяціць усё сваё жыццё таму, каб быць выканаўцам і аўтарам песень — і дазволіць камусьці прыменшыць гэта", — казаў музыка.

А мы ж калісьці абяцалі, што пастараемся не прыносіць у гэтыя агляды дрэнныя навіны. А тут на табе! Як так!

Аматары творчасці Шырана, выдыхайце: прысяжныя ўжо вызначыліся. Брытанец перамог, піша Guardian, і кідаць музыку цяпер не трэба.

Слухайце і слухайце зноў колькі заўгодна

Ад расійскага газу да мараканскага сонца

А Марока абяцае Еўропе дапамагчы знайсці выхад з энергетычнага крызісу. Прычым без шкоды для экалогіі: у краіны шмат электрастанцый, якія працуюць на энергіі сонца і ветру.

"Рэсурсы, якія мы маем, могуць стаць адным з самых моцных адказаў на еўрапейскі попыт, — цытуе ВВС занятага ў сферы электраэнергіі мараканскага прадпрымальніка Мундзіра Знібера. — Я думаю, што Марока — найлепшая магчымасць пазбавіць еўрапейскі кантынент яго сённяшняй залежнасці ад расійскага газу. У нас няма нафты, у нас няма прыроднага газу, але ў нас ёсць проста надзвычайны патэнцыял".

Да 2030 года Марока плануе атрымліваць да 52% электраэнергіі з аднаўляльных крыніц. І па падводных кабелях яе можна экспартаваць у Еўропу.

Зрэшты, гэта пакуль што толькі амбіцыйныя планы, для дасягнення якіх у краіне трэба пабудаваць нашмат больш сонечных і ветравых электрастанцый, чым у іх ёсць зараз. Каралеўства пакуль што і само вельмі моцна залежыць ад імпарту энергіі.

І ўсё ж Марока мэтанакіравана адмаўляецца ад выкапнёвых крыніц энергіі. Там ужо працуе найбуйнейшая ў свеце сонечная электрастанцыя.
 

Не забывайце карону

Ну а Вялікабрытанія чакае каранацыі Карла III, запланаванай на бліжэйшыя выходныя.

Их нравы: кандидат с сердечком, марокканское солнце и лучший вид на корону
Кароль Карл III і каралева-кансорт Каміла / BBC

Манархаў у Брытаніі карануюць ужо больш за тысячу гадоў. І ўсё роўна гэта кожны раз узрушвае. Напрыклад, арцыбіскуп кентэрберыйскі Джастын Уэлбі прызнаўся, што яму нават сніліся кашмары: вось-вось ён павінен ускласці карону на галаву караля і тут выяўляецца, што ён забыўся яе дома!

Некаторыя прыхільнікі кароны ўжо ставяць намёты непадалёк ад Букінгемскага палаца, каб быць упэўненымі: у дзень каранацыі ім адкрыецца найлепшы від, піша ВВС.
 

Перадпрагляд апакаліпсісу

Навукоўцы зафіксавалі першае прамое сведчанне таго, як старажытная зорка паглынае планету. Гэта значыць, як зорка, падобная да Сонца, паглынае планету, падобную, скажам, да Юпітэра. Зямлю можа чакаць тая ж доля.

Даследаванне апублікавалі ў часопісе Noir Lab.

"Гэтае даследаванне пацвярджае, што калі сонцападобная зорка набліжаецца да канца свайго жыцця, яна пашыраецца ў 100 ці 1000 разоў, у канчатковым выніку паглынаючы ўнутраныя планеты сістэмы. Такія падзеі адбываюцца некалькі разоў на год ва ўсёй галактыцы Млечны Шлях", — кажуць даследнікі.

Навукоўцы мяркуюць, што ўбачанае імі ў тэлескоп — свайго роду перадпрагляд апакаліпсісу для Зямлі. Зрэшты, здарыцца гэта можа толькі праз 5 мільярдаў гадоў. Таму давайце паспрабуем не прыспешваць падзеі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі