Іх норавы: Зяленскі — у Кангрэсе, паліцыя — у "Контры", каланіялізм — у музеі

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На гэтым тыдні мы даведаліся, што свабоду слова не пацягнуў нават Ілан Маск. Ён папрасіў карыстальнікаў Twitter сказаць, ці варта яму заставацца выканаўчым дырэктарам кампаніі — і прайграў. "Голас народа" сказаў, што Маску ўжо пара ў адстаўку.

Тады бізнэсмэн перадумаў даваць права голасу ўсім карыстальнікам Twitter і ўвёў новае правіла. Цяпер будуць улічвацца толькі галасы тых, хто аформіў платную падпіску і верыфікаваў сябе "сіняй птушачкай".

Як ідуць справы са свабодай слова за межамі Twitter і што яшчэ адбылося ў свеце на гэтым тыдні, чытайце ў новым аглядзе Еўрарадыё. Або слухайце нас на любой зручнай платформе.

Іх норавы: Зяленскі — у Кангрэсе, паліцыя — у "Контры", каланіялізм — у музеі
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн / @V_Zelenskiy_official

Зяленскі ў Кангрэсе

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да амерыканскіх палітыкаў напярэдадні пасяджэння амерыканскага Кангрэса, піша BBC.

Упершыню з пачатку вайны гэта быў не зварот па відэасувязі — Зяленскі прыляцеў у Вашынгтон. Гэта яго першая замежная паездка з пачатку вайны.

Прамова Зяленскага 18 разоў перарывалася авацыямі.

Апладзіравалі не ўсе — некалькі рэспубліканцаў авацыі праігнаравалі. Гэта крыху важней, чым здаецца: са студзеня менавіта рэспубліканцы будуць кантраляваць Палату прадстаўнікоў Кангрэса. І гэта можа ўскладніць узгадненне дапамогі для Украіны.

Паводле нядаўняга апытання, толькі крыху больш за палову выбаршчыкаў-рэспубліканцаў падтрымліваюць выдзяленне дапамогі для Украіны. Яшчэ ў сакавіку іх было больш за 80%. Але для тых амерыканцаў, якія лічаць Украіну "чымсьці далёкім", ёсць Зяленскі, які растлумачыць невядомае праз вядомае.

Выступаючы перад Кангрэсам, ён параўнаў вайну ва Украіне з бітвай пры Ардэнах —адной з найцяжэйшых для амерыканцаў бітве ў Другой сусветнай. Зяленскі прыехаў у Вашынгтон адразу пасля таго, як пабываў у прыфрантавым Бахмуце. І ўручыў Кангрэсу баявы сцяг з аўтографамі абаронцаў горада.

Адказваем на пытанне, якое вы хацелі, але саромеліся задаць: Зяленскі быў апрануты ў тую самую цёмна-зялёную байку. 
 

Быць жанчынай — злачынства

Мы так прывыклі да таго, што сусветная супольнасць "выказвае заклапочанасць", што ўжо забыліся, як гэта, калі яно больш нават заклапочанасці не выказвае. А вось калі Байдэн выводзіў амерыканскія войскі з Афганістана, нас папярэджвалі: усё самае страшнае пачнецца, калі ў інтэрнэце перавядуцца спецыялісты па Кабуле.

І вось праз крыху больш за год пасля таго, як Талібан абвясціў, што ён цяпер - "Талібан 2.0", прагрэсіўны і зусім новы, афганскім жанчынам забаранілі вучыцца ва ўніверсітэтах, піша Washington Post. Гэта значыць, наогул ва ўсіх універсітэтах, незалежна ад спецыяльнасці.

Іх норавы: Зяленскі — у Кангрэсе, паліцыя — у "Контры", каланіялізм — у музеі
Афганскія жанчыны больш не могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю / pixabay

І хоць афіцыйна Міністэрства адукацыі кажа толькі пра ўніверсітэты, настаўнікі і вучні некаторых пачатковых школ паведамляюць, што дзяўчынак больш не пускаюць на заняткі.

"Падобна, што для талібаў быць жанчынай — гэта злачынства", — сказала ў інтэрв'ю Washington Post 20-гадовая студэнтка псіхалогіі Кабульскага ўніверсітэта.

І вяртаемся да першай тэмы: вось чаму Уладзімір Зяленскі выступае асабіста і па відэасувязі ўсюды, дзе можа выступіць, ад Канскага кінафестывалю да Кангрэса. Таму што самае страшнае пачынаецца, калі ў сусветнай супольнасці сканчаецца нават заклапочанасць.
 

Узялі і пераасэнсавалі

У гэтым годзе шмат казалі пра пераасэнсаванне каланіялізму, а немцы ўзялі і пераасэнсавалі. Германія перадала Нігерыі 20 бенінскіх бронзавых вырабаў са сваіх музеяў, цытуе CNN кіраўніцу нямецкага МЗС Аналену Бербок.

"Мы вяртаем 20 бенінскіх бронзавых вырабаў з нямецкіх музеяў тым, каму яны належаць, на іх радзіму", — сказала міністарка.

Брытанскія салдаты вывезлі тысячы скульптур падчас уварвання ў Бенін у канцы XIX стагоддзя. Тады гэтыя артэфакты распрадалі з аўкцыёну, і яны разышліся па музеях свету — ад Новай Зеландыі да Германіі і ЗША. Некаторыя з перададзеных вырабаў захоўваліся ў музеях Германіі амаль два стагоддзі. А некаторыя і не ў музеях нават, а ў прыватных калекцыях і казіно.

Іх норавы: Зяленскі — у Кангрэсе, паліцыя — у "Контры", каланіялізм — у музеі
Вось як выглядаюць гэтыя скульптуры / Kola Sulaimon/AFP/Getty Images

Але самая вялікая калекцыя бронзавых бенінскіх скульптур дагэтуль захоўваецца ў Лондане. Міністр інфармацыі Нігерыі заклікаў Брытанскі музей "адпусціць" скульптуры. Магчыма, жэст Германіі паўплывае і на рашэнне Лондана.
 

"Катаргейт", які не падышоў бы для Netflix

“Калі б расследаванне карупцыі, якое скаланае Еўрапейскі Саюз, быў сцэнаром для серыяла Netflix, яго, верагодна, адправілі б на дапрацоўку. Мяшкі з грашыма? Забанальна. Тэндэр? Клішэ", — аналізуе скандал журналіст Washington Post.

Але гэта не сцэнар для Netflix, а рэальнасць еўрапейскіх следчых. І падарунак для ўсіх, хто хацеў бы пакрытыкаваць ЕС, але не знаходзіў годнай нагоды.

Справа ўжо атрымала назву "Катаргейт". Мяркуецца, што некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў ЕС бралі хабар наяўнымі — літаральна чамаданамі. Чацвярым прад'явілі абвінавачанні па падазрэнні ў адмыванні грошай і карупцыі ў інтарэсах неназванай дзяржавы "Персідскага заліва". Медыя, зрэшты, даўно назвалі дзяржаву — Катар, а сам скандал празвалі "Катаргейтам".

Washington Post заўважае, што крытыкі адразу ж ухапіліся за скандал. Венгерскі прэм'ер Віктар Орбан іранічна рэтвітнуў фатаграфію грошай, канфіскаваных бельгійскай паліцыяй, з каментаром:

"Вось як выглядае вяршэнства закона ў Бруселі".

А ці ёсць навіны з Бруселя? Няма, і ў гэтым праблема. Журналіст Washington Post адзначае: калі ЕС і далей будзе захоўваць маўчанне, замест яго будуць казаць ягоныя крытыкі, а еўраскептыцызм будзе мацнець.


Паліцэйскія ў "Контры"

А цяпер раскажам навіну, ад якой беларусу стане не па сабе. Паліцэйскі анлайн-патруль будзе інспектаваць лакацыі відэагульняў, а карыстальнікі змогуць уступаць у дыялог з лічбавымі паліцэйскімі, як рабілі б гэта на вуліцы.

Спакойна, гаворка пра Данію. Дацкае радыё піша, што дзеці, гуляючы ў анлайн-гульні, могуць станавіцца ахвярамі лічбавага сэксуальнага гвалту, махлярства, булінгу. І цяпер на ўсё гэта можна будзе паскардзіцца "лічбавым паліцыянтам", якія таксама будуць гуляць у анлайн-гульні.

Афіцэр паліцыі Уільям Карлберг кажа, што дзеці пачынаюць больш давяраць паліцыі, калі сустракаюцца з ёй анлайн.

Паглядзіце на гэта фота лічбавых паліцэйскіх ад прэс-службы — і, магчыма, вы таксама пачнеце больш давяраць паліцыі. Напрыклад, дацкай паліцыі.

Іх норавы: Зяленскі — у Кангрэсе, паліцыя — у "Контры", каланіялізм — у музеі
Дацкі анлайн-патруль / politi.dk

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі