Імя Дамейкі дапамагло яго землякам вырашыць пытанне асфальтавання дарогі
Генералу Хаменку расказваюць пра Дамейку
Імя навукоўца і паўстанца Ігната Дамейкі (1802 — 1889) дапамагло яго землякам вырашыць пытанне асфальтавання ўчастка дарогі. У Карэлічах на прыём да намесніка старшыні Савета Рэспублікі, былога міністра юстыцыі, экс-намесніка ўнутраных спраў, генерал-маёра Сяргея Хаменкі прыйшла дэлегацыя жыхарак вёскі Вялікая Мядзьвядка.
"Вёска ў нас выдатная, больш за 70 двароў. І жывуць тут у асноўным не дачнікі, а мясцовыя людзі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на роднай зямлі, — расказвала адна з жанчын. — Тут нарадзіўся вядомы на ўвесь свет геолаг, мінералогіі, географ і этнолаг, даўгалетні рэктар Чылійскага універсітэта Ігнат Дамейка. Царква Ушэсця Гасподняга, якая датуецца пачаткам XIX стагоддзя, таксама прыцягвае турыстаў. Аднак 4,5 кіламетра жвіровай дарогі, якая вядзе да вёскі, знаходзяцца не ў лепшым стане. Калі б на ёй з'явіўся асфальт, то і турысты б паехалі да нас з задавальненнем, і нам было б камфортней дабірацца".
Хаменка, відаць, упершыню пачуў пра Дамейку, нацыянальнага героя Чылі! Ён быў так уражаны, што не звярнуў увагі на запэўніванні прысутных "спецыялістаў", што з дарогай усё ў парадку. Генерал абяцаў жанчынам аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання і "даручыў мясцовым уладам накіраваць частку сродкаў пры ўмове дадатковага фінансавання на асфальтаванне гэтага ўчастка дарогі". Больш таго, пасля прыёму ён паехаў паглядзець на дарогу. "Трэба абавязкова прывесці ў парадак гэты ўчастак для зручнасці мясцовых жыхароў і турыстаў", — цытуе яго словы раённая газета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.