Інцыдэнт у Мачулішчах: дзе фота самалёта і як дроны заляцелі ў беспалётную зону?

Што вядома пра атаку на ваенны самалёт у Мачулішчах? / Maxim Maksimov
Што вядома пра атаку на ваенны самалёт у Мачулішчах? / Maxim Maksimov

Чаму "Байполу" спатрэбілася больш за 12 гадзін на тое, каб расказаць, што здарылася ў Мачулішчах у нядзелю?

Еўрарадыё паспрабавала аднавіць храналогію падзей на вайсковым аэрадроме пад Мінскам. А добраахвотнік-аэраразведчык Кот і кіберпартызаны дапамаглі нам разабрацца, ці сапраўды беспілотнікі маглі прабрацца ў беспалётную зону над Мачулішчамі.
 

Што гэта было?

Раніцай у нядзелю беларусы пачалі паведамляць, што пад Мінскам"нешта выбухае". Крыху пазней высветлілася, што "выбухала" ў раёне вайсковага аэрадрома Мачулішчы за 12 кіламетраў ад сталіцы.

Толькі бліжэй да ночы кіраўнік "Байпола" Аляксандр Азараў заявіў, што выбухі — гэта нібыта вынік працы ўдзельнікаў плана "Перамога". Дэталі аперацыі — які менавіта самалёт узарвалі на аэрадроме — "Байпол" прадставіў таксама з прыкметнай затрымкай.

Пры гэтым "Байпол" кажа, што аперацыю рыхтавалі доўга — 2 месяцы. Але рашэнне пра тое, якую інфармацыю паведамляць публічна, нібыта прымалася ўчора.
 

“Увогуле, гэта стратэгія наша”

Паводле Азарава, у "Байпола" не было ўпэўненасці, што ўсё пройдзе гладка, таму загадзя інфармацыйную стратэгію не прадугледзелі. А потым вырашылі вывезці людзей, перш чым тлумачыць, што здарылася.

Инцидент в Мачулищах: где фото самолёта и как дроны залетели в бесполётную зону?
Аляксандр Азараў / Euroradio

— Людзей трэба было эвакуяваць. Гэта стратэгія наша, для таго каб людзі былі ў бяспецы. Доўга вырашалася пытанне, якую інфармацыю даваць, а якую — не. <...> Але паступова, паступова, праз суткі, мы гатовыя расказваць больш і больш.

Але не вельмі шмат. Азараў не згаджаецца адказваць на пытанні пра тое, ці будуць паказаныя кадры пашкоджанага самалёта і ці ўдалося вывезці сам дрон.

— Не буду раскрываць дэталяў, бо яны дапамагаюць спецслужбам у высвятленні датычных асоб.

Цяпер у Беларусі якраз шукаюць датычных да таго, што здарылася. Тыя, хто ў ноч на 27 лютага перасякаў мяжу з Польшчай, паведамляюць пра ўзмоцнены дагляд. Побач з памежнікамі з'явіліся сілавікі ў цывільным. У размове з Азаравым мы выказалі здагадку, што заява "Байпола" пра тое, што за выбухам стаяць беларусы, можа яшчэ больш узмацніць рэпрэсіі. Азараў з гэтым не згодны.

— На рэпрэсіі не ўплывае выканаўца, той, хто менавіта здзейсніў акцыю. Рэпрэсіі ўсё роўна будуць. Задача ўладаў — знайсці выканаўцаў, чым яны цяпер і займаюцца. Таму мы і пачалі даваць падрабязнейшую інфармацыю толькі пасля таго, як выканаўцы апынуліся за мяжой і па-за зонай дзеянняў спецслужбаў Лукашэнкі.

Азараў гаворыць, што першапачаткова "Байпол" не хацеў казаць, што да інцыдэнту датычныя ўдзельнікі плана "Перамога". "Але потым прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі, напэўна, трэба. І расказалі".

Некаторыя ўкраінскія палітыкі заяўляюць, што Украіне цяпер не з рукі "злаваць Лукашэнку". Мы спыталі Азарава, як украінскі бок адрэагаваў на інцыдэнт у Мачулішчах, але нам параілі пачытаць газеты.

— Рэакцыю ўкраінскага боку можна паглядзець ва ўкраінскіх СМІ. Мы, вядома ж, акцыі распрацоўваем самастойна. Без чыёйсьці дапамогі. Паколькі мы дзейнічаем у інтарэсах беларускага народа, а не ў інтарэсах Украіны і іншых дзяржаў.

Азараў кажа, што заяву "Байпола" пра датычнасць да выбухаў можа выкарыстаць з выгадай для сябе і Лукашэнка: сказаць Пуціну, што не можа ў такім становішчы паслаць войскі ва Украіну.

На прэс-канферэнцыі па выніках працы Пераходнага кабінета Азараў казаў, што адным са сцэнараў, пры якім будзе актываваны план "Перамога", можа быць паўнавартаснае ўступленне беларускай арміі ў вайну. Мы спыталі, ці разглядае "Байпол" гэты сцэнар як "пажаданы".

Азараў згодны, што называць уступленне Беларусі ў вайну "пажаданым сцэнарам" было б "вельмі цынічна".

— Але мы лічым, што, калі Лукашэнка пашле войскі на тэрыторыю Украіны, гэта можа быць спрыяльным пачаткам для запуску плана "Перамога".

Дык "Байпол" зацікаўлены ў тым, каб Лукашэнка паслаў войскі ці будзе рабіць усё, каб гэтага не здарылася?

— Гэта некарэктнае пытанне. "Байпол" зацікаўлены ў вызваленні Беларусі ад расійскіх акупантаў, а таксама ад злачыннага рэжыму Лукашэнкі.
 

Чаму дроны не заўважыла СПА?

Сродкі СПА не могуць заўважыць дроны — яны занадта маленькія і не пакідаюць за сабой слядоў.

— СПА можа засекчы хіба што дрон памеру "Арлана" — то-бок такі невялікі самалёцік. Па яго СПА можа адпрацаваць, але не па звычайным цывільным дроне, — расказвае Еўрарадыё баец Беларускага добраахвотніцкага корпуса з падраздзялення аэраразведкі з пазыўным Кот.

Але дроны не мусілі даляцець да Мачулішчаў. Там беспалётная зона. Яе межы можна паглядзець на публічнай кадастравай карце. Мачулішчы практычна цалкам у яе ўваходзяць. У “Кіберпартызанах” нам растлумачылі, што топавыя мадэлі дронаў па змоўчанні ведаюць, куды ляцець нельга.

Инцидент в Мачулищах: где фото самолёта и как дроны залетели в бесполётную зону?
Межы беспалётнай зоны / Euroradio

— У іх гэтая зона проста зашытая ў мазгі дрона, ён туды не паляціць без атрымання спецыяльнага дазволу. За парушэнне рэжыму палётаў у такіх зонах прадугледжаная крымінальная адказнасць, і ў тых дронах, дзе функцыя забароны не рэалізаваная, уся адказнасць кладзецца на аператара дрона.

У звычайных умовах за такой зонай проста павышаны кантроль з боку яе адміністрацыі. Для абароны ад несанкцыянаванага пранікнення дронаў выкарыстоўваюцца розныя сродкі, пачынаючы ад сродкаў РЭБ і заканчваючы звычайнымі салдатамі з аўтаматамі.

Кіберпартызаны тлумачаць, што сродкі РЭБ працуюць па двух напрамках: душаць сігналы са спадарожніка GPS або канал сувязі паміж дронам і аператарам.

— Калі дрон ляціць у рэжыме аўтаматычнай місіі, то глушэнне сігналаў са спадарожнікаў прыводзіць да заканчэння гэтай місіі — калі толькі аператар не перахопіць кіраванне на сябе.

Калі пры гэтым глушыцца канал сувязі паміж аператарам і дронам, то кіраванне такім дронам немагчымае. Тады сцэнары могуць быць самыя розныя — аж да самаліквідацыі дрона. Але самы імаверны — дрон прымусяць сесці ў зручным для перахопніка месцы.

— Калі дрон узлятае, у яго ў памяці застаецца дамашні пункт. Калі сувязь з пультам губляецца, ён аўтаматычна туды вяртаецца, — расказвае Кот. Але спецыялісты, якія займаюцца радыёэлектроннай барацьбой, могуць перашкодзіць яму гэта зрабіць.

Могуць выкарыстаць рэжым спуфінгу — падмяніць каардынаты, абсекчы сувязь дрона з пультам і змусіць дрон прызямліцца не ў "дамашнім пункце", а ў іншым месцы.

Дрон думае, што ляціць дадому, а яго саджаюць там, дзе трэба перахопніку. І ўсё, можна яго забіраць і даследаваць.

Вярнуць дрон у такім выпадку можна толькі тэарэтычна. Але так, ёсць і "фішачкі", з дапамогай якіх можна выйсці нават з такіх сітуацый. Занадта падрабязна пра гэта расказваць не магу — каб не дапамагаць праціўніку знаходзіць і абыходзіць гэтыя шчыліны.

Сілавікі патэнцыйна, маючы неабходныя тэхналогіі, могуць убачыць, адкуль паляцеў дрон, якой была яго траекторыя палёту і нават яго серыйны нумар. І, адпаведна, можна даведацца і тое, дзе знаходзіцца пілот.
 

Хутчэй за ўсё, гэта быў мадыфікаваны цывільны дрон

Што за дрон тады заляцеў у Мачулішчы? Кот мяркуе, што гаворка не пра ваенны, а пра звычайны цывільны беспілотнік, хай і мадыфікаваны.

— Кажуць, што знайшлі пульты ад дронаў. Калі б можна было ўбачыць хаця б пульт, мы б мелі ўяўленне пра тое, што гэта за дрон. Гоначны, разведвальны, ударны?

Інфармацыі мала, можна толькі дапускаць і гадаць. Для такой аперацыі могуць быць выкарыстаныя практычна любыя дроны — цаной ад 3 тысяч еўра і вышэй.
 

Рэакцыя Крамля і Палаца

Аляксандр Лукашэнка сёння сабраў нараду з сілавым блокам, але інцыдэнт у Мачулішчах там нібыта не абмяркоўвалі. Быццам на вайсковым аэрадроме пад Мінскам нічога не здарылася.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, а ў след за ім і праўладныя расійскія блогеры таксама зрабілі выгляд, што нічый самалёт А-50 у Мачулішчах не выбухаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі