Індыя на Месяцы, дысідэнт на гідрацыкле, рок-легенды ў рэбусе — #ІхНоравы

Усё, што адбылося ў свеце, — у нашым аглядзе міжнародных навін / калаж Улада Рубанава

Усё, што адбылося ў свеце, — у нашым аглядзе міжнародных навін / калаж Улада Рубанава

Індыя абскакала Расію. Палітвязень збег з Кітая незвычайным спосабам. А The Rolling Stones парадуюць прыхільнікаў новым альбомам (але гэта недакладна).

Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Індыя — на Месяцы!

Індыйскі касмічны апарат паспяхова сеў на Месяц. То-бок Індыя знішчыла месячны трыумвірат Масквы, Вашынгтона і Пекіна і стала чацвёртай у гісторыі краінай, якая паспяхова пасадзіла на паверхню Месяца свой апарат.

Прамы эфір пасадкі апарата глядзелі 7,8 млн чалавек. Яго трансляваў YouTube-канал Індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў.

Індыя, дарэчы, стала першай краінай, якая змагла пасадзіць касмічны карабель паблізу паўднёвага полюса Месяца.

Індыя на Месяцы, дысідэнт на гідрацыкле, рок-легенды ў рэбусе  — #ІхНоравы
The Rolling Stones / Samir Hussein

Здаецца, The Rolling Stones намякнулі на выпуск новага альбома. Прадстаўнікі гурта гэта не каментуюць, але прыхільнікі мяркуюць, што разгадалі тоўсты рэбус.

Што адбылося? Надоечы ў невялікай лонданскай газеце Hackney Gazette з’явілася рэклама новай крамы па рамонце шкла:

"Hackney Diamonds, Specialists in Glass Repair, Opening September 2023" ("Hackney Diamonds, спецыялісты па рамонце шкла, адкрыццё ў верасні 2023 года").

Далей у рэкламе гаворыцца, што прадпрыемства было заснаванае ў 1962 годзе — у год утварэння гурта The Rolling Stones.

“Наша дружная каманда абяцае вам задавальненне. Калі вы скажаце: "Дай мне прытулак", — мы адрамантуем вашы разбітыя вокны”, — гаворыцца ў аб'яве.

Фанаты выказалі здагадку, што гэта прома наступнага альбома гурта, які выйдзе ў верасні.

На літары "i" ў слове “Diamonds” намаляваны лагатып гурта ў выглядзе языка і вуснаў. “Diamonds” таксама адсылае да турнэ The Rolling Stones, прысвечанага 60-годдзю гурта і пачатага летась у Мадрыдзе.

Тэкст рэкламы намякае прынамсі на тры самыя вядомых хіты гурта: “Satisfaction”, “Gimme Shelter” і “Shattered”. А для надпісу “Hackney Diamonds” скарыстаны той жа шрыфт, што і на альбоме гурта 1978 году “Some Girls”.

Калі ўсе здагадкі правільныя, то іх новы альбом зробіцца першым пасля смерці барабаншчыка Чарлі Уотса ў 2021 годзе.

Летась ужо хадзілі чуткі, што гурт працуе над новым поўнафарматнікам. І нават болей: да працы над ім далучыліся і “бітлы”! Пол Макартні нібыта запісаў для альбому бас, а Рынга Стар — партыю ўдарных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі