Інфармацыя пра закрыццё магазінаў выклікала большую цікавасць, чым крызіс
А працэнт карыстальнікаў інтэрнэта старэйшых за 55 гадоў вырас амаль у 6 разоў.
Аўдыторыя беларускага інтэрнэта перасягнула 5-мільённую мяжу (інтэрнэтам у Беларусі карыстаецца больш за 5 мільёнаў чалавек). Што выклікала найбольшую цікавасць і якія падзеі спрыялі росту карыстальнікаў сеціва.
Вынікі пяцігодкі беларускага інтэрнэта Еўрарадыё падводзіць разам з кіраўніком праекта Gemius Belarus Міхаілам Дарашэвічам.
Са снежня 2009 года па снежань 2014 года інтэрнэт-аўдыторыя ў Беларусі ўзростам ад 15 да 74 гадоў вырасла на 65,5%. Павялічылася колькасць наведванняў днём. Калі браць апошнія 3 гады, то ўся аўдыторыя вырасла на 26%, а дзённая — на 90%. У снежні 2014 года ў дні, калі адключалі інфармацыйныя сайты і пачынаўся крызіс, штодзённая аўдыторыя перавышала 4 мільёны чалавек.
У інтэрнэце стала больш людзей, старэйшых за 55 гадоў
Адбыліся структурныя змены. Яшчэ ў 2009 годзе самую вялікую долю карыстальнікаў інтэрнэта складалі людзі ад 15 да 24 гадоў. Цяпер адбылося пераразмеркаванне. Узроставая група ад 55 да 74 гадоў вырасла з 2% (у 2009 годзе) да 11%. Імклівага росту аўдыторыі ўжо не будзе. Маладая аўдыторыя ўжо ўся ў Інтэрнэце, узровень пранікнення тут амаль 100%. Прырост можа быць толькі за кошт дарослай аўдыторыі. А для гэтага неабходная адукацыя, зніжэнне кошту інтэрнэта і павелічэнне зразумелых і карысных для іх сэрвісаў.
ТОП-10
Сталі больш папулярныя інтэрнэт-сэрвісы: на 20% вырасла аўдыторыя сайтаў сямі банкаў, на 12% — аўдыторыя чатырох рознічных сетак. Вялікі ахоп ў старонак аб працы, электронным гандлі. У дзясятцы самых папулярных замацавалася міжнародная інтэрнэт-крама aliexpress. З беларускіх праектаў у ТОП-10 прысутнічаюць tut.by і "Онлайнер". З-за блакавання дамена апошні апусціўся з 7 месца на 10. Сайт онлайн-прагляду фільмаў kinogo трапіў у топ-20. Гэта сведчыць пра рост хуткасці інтэрнэта.
Мала грошай і сайтаў з сярэднім ахопам
Першая хваля росту аўдыторыі беларускага інтэрнэта была ў 2010 годзе, калі ўсе мабільныя аператары прапанавалі інтэрнэт 3G, а "Байфлай" стаў даступны ў кожнай вёсцы. Другая хваля — у 2011 годзе, калі здарыўся крызіс і інтэрнэт патаннеў. Далей асаблівага росту не было. Але пачала імкліва расці дзённая аўдыторыя і сярэдні час, праведзены ў інтэрнэце (зараз 2,5 гадзіны ў дзень).
Аўдыторыя ўжо вялікая. Але ў інтэрнэце мала грошай, і ён вельмі просты. Калі адкрыць любы еўрапейскі сайт, можна ўбачыць велізарную колькасць сэрвісаў, а яны, натуральна, платныя. Сайты павінны зарабляць на новы кантэнт, а калі яны займаюцца выжываннем, то ў іх не будзе магчымасці развівацца. Недахоп грошай прыводзіць да таго, што пляцоўкі не могуць вырабляць якасны і цікавы кантэнт, не могуць марнаваць сродкі на інструментарый. Вельмі шмат рэкламных грошай дастаецца расійскім пляцоўкам, якія даюць большы ахоп для рэкламадаўца.
Жаночая аўдыторыя вырасла не з-за блакавання сайтаў, а з-за навіны пра закрыццё крамаў "Гіпа"
Снежаньскі крызіс прывёў да росту актыўнасці карыстальнікаў. Актыўнасць "белых каўнерыкаў" і жанчын была большай не 19 снежня, калі пачалі адключаць сайты, а 16 снежня. Звычайна на навінных сайтах аўдыторыя мужчынская. Але 16 снежня жаночая аўдыторыя перавысіла мужчынскую. Аказалася, што ў гэты дзень Мінгандлю закрыў некалькі крамаў "Гіпа".
На гэтым графіку можна ўбачыць наведвальнасць сайтаў у выходныя дні і тое, што ў суботу падзенне наведвальнасці большае, чым у нядзелю. Але ў суботу, 20 снежня, не было такога правалу, як звычайна. Тут таксама бачна, што актыўнай часткі аўдыторыі было больш 16 снежня. І калі ўвесь інтэрнэт правальваецца ў суботу, то графік актыўнасці людзей 25-45 гадоў больш раўнамерны. Гэта людзі, якія аднолькава спажываюць інтэрнэт і ў выходныя дні.
На якія сайты ходзяць людзі старэйшыя за 45 гадоў
У старэйшай аўдыторыі ў параўнанні з маладымі людзьмі больш папулярны сайт "Майкрасофта", прагнозы надвор'я ад Gismeteo і старонка "Белтэлекама" (хутчэй за ўсё, у людзей безлімітны інтэрнэт і яны кантралююць свой трафік). А вось сацыяльная сетка "Вконтакте" і "Вікіпедыя" такой папулярнасцю не карыстаюцца.
Дзеці не сядзяць у адных сацсетках з бацькамі
Дзевяць сацсетак ахопліваюць 67% беларускай інтэрнэт-аўдыторыі. На першым месцы "Вконтакте" са штодзённай аўдыторыяй амаль у 1,6 мільёна чалавек. "Аднакласнікі" і "Фэйсбук" наведваюць удвая радзей. Пры гэтым моладзь не сядзіць у адной сацсетцы са сваімі бацькамі. Напрыклад, "Інстаграм" — маладзёжная сетка. Яшчэ адзін прыклад маладзёжнай сеткі, пра якую людзі старэйшыя за 25 гадоў нават і не чулі — гэта Ask.fm, супастаўная па аўдыторыі з "Твітэрам".
Хром абагнаў Оперу
Я лічу, гэта ўдалы этап у развіцці Белнэта, што ні за 5 мільёнаў, ні абгон браўзера "Опера" "Хромам" не сталі важнай тэхналагічнай навіной. Ніхто ж не абмяркоўвае, што адбылася змена тэлевізара 29 цаляў на тэлевізар 32 цалі. І гэта добра, што такія лічбы не становяцца прадметамі навінных выпускаў. Але гэта здарылася ў лютым — сямейства браўзераў "Хром" па колькасці праглядаў абагнала шматгадовага лідара "Оперу". І лідарства "Хрома" замацавалася за 2 тыдні.
Крыніца: медыядаследаванне gemiusAudience, 11 / 2014-12 / 2014, узрост 15-74