"Іншаземцы дзейнічалі самастойна": МУС адчыталася ААН аб міграцыйным крызісе

"Іншаземцы дзейнічалі самастойна": МУС адчыталася ААН аб міграцыйным крызісе

"Іншаземцы дзейнічалі самастойна і арыентаваліся на досвед сваіх папярэднікаў, які распаўсюджваецца ў сацсетках", — так МУС адсправаздачылася перад спецыяльным дакладчыкам Савета па правах чалавека ААН Феліпэ Гансалесам Маралесам. 19 ліпеня ён сустрэўся з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў у межах пытання міграцыйнага крызісу, які пачаўся год таму на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза.

Па словах начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бягуна, замежнікі прыбывалі ў нашу краіну на падставе выдадзеных турыстычных віз, мелі зваротныя квіткі, бронь у гатэлях, грошы. Пасля таго, як высветлілася, што "грамадзяне Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу выкарыстоўваюць Беларусь як транзітную краіну для прарыву ў ЕС, выдача візаў спынілася".

"Улады рэспублікі зрабілі ўсё магчымае для выратавання тых, хто ў роспачы спадзяваўся трапіць у Польшчу: размясцілі іх у лагістычным цэнтры, аказалі гуманітарную дапамогу, забяспечылі доступ прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа, паклапаціліся аб вяртанні ў краіну грамадзянскай прыналежнасці тых, хто пажадаў гэтага. Урэгуляваннем крызісу наша краіна займалася сумесна з МАМ, УВКБ ААН, іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь. Еўрасаюз яшчэ ў 2020 годзе практычна поўнасцю спыніў супрацоўніцтва з нашымі кампетэнтнымі органамі ў гэтым напрамку, у тым ліку ў сферы рэгулявання патокаў мігрантаў", — адзначыў Бягун.

Чыноўнік дадаў, што МУС не выяўлена арганізацый, якія садзейнічалі незаконнаму пераходу мяжы з ЕС. 

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Спачатку мігранты рушылі ў Літву, але пасля таго, як краіна прыняла закон, паводле якога ўцекачоў можна разварочваць назад у краіну, з якой тыя прыбылі, яны пераключыліся на Польшчу і Латвію. Гэтыя краіны таксама вырашылі вяртаць мігрантаў у Беларусь.

На пачатку лістапада 2021 года ля пункту пропуску "Брузгі" сабралася вялікая група выхадцаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Побач з ім яны разбілі вялікі стыхійны лагер. 16 лістапада каля 3,5 тысяч чалавек паспрабавалі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу, кідаючы камяні і бярвёна ў памежнікаў. Тыя са свайго боку прымянілі вадамёты і слезацечны газ. Паведамлялася пра ахвяры з двух бакоў.

Затым беларускі бок размясціў мігрантаў у лагістычным цэнтры каля перахода "Брузгі". Напрыканцы сакавіка цэнтр закрыўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі