Інстытут гісторыі не ўхваліў перанос даты заснавання Слоніма на 247 гадоў
Герб Слоніма
Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі не ўхваліў перанос даты заснавання Слоніма на 247 гадоў, каб горад лічыўся больш старажытным. Раней на такі крок пайшлі ўлады Ваўкавыска, Капыля і Слуцка. Слонімскія чыноўнікі таксама захацелі, каб горад прызналі тысячагадовым. Пытанне спачатку ўзнялі на сесіі раённага савета, на мясцовым тэлебачанні выйшаў сюжэт. У выніку быў накіраваны ліст у Інстытут гісторыі.
Першая згадка Слоніма ў летапісе адносіцца да 1252 года. Яна і лічыцца афіцыйнай датай заснавання горада. Аднак улады Ваўкавыска, а пасля Капыля і Слуцка, абапіраючыся на згадкі гарадоў пад 1005 годам у грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі, дамагліся пераносу даты на больш старажытную. У тым жа дакуменце згадваецца і Слонім. Слонімцам аднак не дазволілі.
Як піша "Слонімскі веснік", Інстытут гісторыі пілічыў, што "аналіз археалагічных матэрыялаў не дае пацвярджэння", што горад існаваў у 1005 годзе. Аднак калі ў будучыні падчас археалагічных раскопак знойдуцца старажытныя артэфакты ці аб'екты, то абяцае вярнуцца да разгляду пытання аб "больш ранняй гісторыі горада Слоніма".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.