Інтэрактыўны ві-джэінг на Ўладзіславе Дылэі (фотарэпартаж)

Часам вечарыны запамінаюцца не па замежных зорках, а па ідэях мясцовых людзей. Як, напрыклад, інтэрактыўная візуалізацыя ад беларускай каманды TXYZ. У суботу, 16 траўня ў клубе Fabrique прайшла вечарына ад прома-групы Intelligent Punks, галоўным госцем якой быў фінскі артыст Уладзіслаў Дылэй, ён жа Uusitalo, і яшчэ некалькі дзесяткаў прозвішчаў, якімі называецца музыка Сасу Рыпаці (Sasu Ripatti). Дылэй прыехаў у Мінск упершыню, крыху замучаны, але дастаткова бадзёры, каб з 1:30 да 3:00 паказаць мінскай публіке незвычайна мяккі саўнд.



Але саунд “зайшоў” не ўсім.

“Шчыра, я чакаў чагосьці большага. – пракаментаваў выступ Дылэя ды-джэй I.F.U. – Чакаў нейкага больш цікавага гуку”.



Магчыма, “цікавы гук” перамаглі вялікія праблемы з апаратурай, якія падчас выступлення замежнага госця былі не вельмі заўважнымі, але на выступленні Sanytch увогуле выліліся спаленым кампрэсарам і разрадам электрычнасці па ўсім дыджэйскім пульце.





А вось некаторую групу людзей, якая чакала сваёй чаргі патрымаць джойсцік, праблемы з гукам не вельмі турбавалі. Яны былі захопленыя новай інтэрактыўнай гульнёй у візуалізацыю.

Справа ў тым, што запрошаная на вечарыну ві-джэй-каманда TXYZ, вядомая сваімі футурыстычнымі схільнасцямі, прыдумала незвычайны для Мінска спосаб ві-джэінгу — інтэрактыўную гульню. Усяго і трэба было, што ўзяць у рукі джойсцік і пачаць “ціснуць кнопкі” у такт музыцы — і розныя фігуры, якія праецырваліся на сцяну, пачыналі ажываць, трансфармавацца і “таньчыць”.

Indusska, наведвальніца: «Я была назіраючай за джойсцікам, бо ў пэўны час выстраілася цэлая чарга з людзей, якія хацелі пакіраваць відэа. Ну, і ва ўсіх уражанні былі вельмі пазітыўныя».



...пакуль за пультам тварылася хрыпенне і шыпенне ад непаладак, Еўрарадыё паразмаўляла з TXYZ, дакладней з адным з іх – Y, які й распавёў пра ўсе нюансы інтэрактыву:

Y: Спачатку ідэя была значна прасцейшая: проста гуляць у камп'ютарную гульню на вечарыне. А пасля падумалі, што можна гуляць і з візуалізацыяй, каб людзі, з дамапогай джойсціка, кіравалі рознымі фігурамі.



Еўрарадыё: Тэхнічна гэта складана рэалізаваць?

Y: Не, гэта як зрабіць гульню, якая як бы і не гульня. Маё відэа ўяўляе сабой фігуры, якія можна трансфармаваць з дапамогай джойсціка.

Еўрарадыё: То бок ты праграмаваў гэта ўсё?

Y: Насамрэч, я не вельмі ўмею праграмаваць, але ж у 2009 годзе гэта зусім не абавязкова. Мая гульня не напісаная з нуля, я выкарыстоўваю гульнёвы рухавік з адкрытым кодам, экспартую туды мадэлі з 3D-Max і дадаю алгарытм, які трансфармуе фігуры. Усё што я раблю — гэта сумяшчаю.

Еўрарадыё: Ты не баяўся, што джойсцік скрадуць падчас гульні? Наколькі мы бачылі, ён вольна хадзіў па руках.

Y: Не, не баяўся. Гэта, напэўна, вялікі мінус, але джойсцік пераважна быў у знаёмых ці знаёмых знаёмых. Я разумею нават чаму да мяне падыходзіла арганізатар і казала: "Выключы гэты набор відэа, які паўтараецца, — гэта нецікава! Уключы штосьці іншае". Яна папросту не кіравала гэтым джойсцікам, не ўдзельнічала ў працэсе. І атрымалася, што з усіх тых 100 людзей, што былі на вечарыне, гульня спадабалася толькі тым, хто ў яе гуляў.



Еўрарадыё: Ці ёсць ідэя, як удасканаліць інтэрактыўнасць? Каб больш людзей маглі ўдзельнічаць?

Y: Так, у мяне ёсць ідэя як зрабіць, каб удзельнічалі абсалютна ўсе: з дапамогай невялічкай прылады, ці нават маленькай белай налепкі на руку. Самае прымітыўнае — кожны, хто падыме руку, «візуалізуе» пэўную кропку на экране. Можна ўсім натоўпам гуляць!



На апошніх словах гук наладзіўся і вечарына працягнулася па звыкламу сцэнару:
TXYZ змянілі відэа, Дылэй адмовіўся ад усіх інтэрвью і пайшоў адпачываць, арганізатары ўвогуле збеглі ад мікрафону сказаўшы: “Нічога не ведаем і размаўляць не можам”.



Таму з апошнім пытаннем мы зноў звярнуліся да дыджэя I.F.U. Ці патрэбная такая музыка, якую адыграў Уладзіслаў Дылэй, мінскай публіке?

I.F.U.: “Гэта таксама патрэбна. І на вечарыне сабраліся прыкольныя людзі, якая сапраўды цікавіцца музыкай. Мне здаецца, у прома-групы Intelligent Punks усё добра атрымліваецца і людзі гэта сапраўды любяць”.



Фота: Tarantino

Кавалачак відэа з вечарыны:


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі