Інваліды-калясачнікі перакрылі праспект, каб прыцягнуць увагу (фота, відэа)
24-25 снежня тэатральная лабараторыя Fortinbras ладзіць акцыю “Пастаў сябе на месца”. Прадстаўнікі трупы разам з сямю інвалідамі-калясачнікамі перасоўваюцца па Мінску і спрабуюць прыцягнуць увагу мінакоў да адсутнасці ў горадзе неабходных умоваў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пачатак акцыі плануецца каля святочнага кірмашу на Нямізе, але нечакана арганізатары вырашаюць змяніць месца.
“Акурат там цяпер стаяць машыны ДАІ і аўтазак, — тлумачыць адна з удзельніц Fortinbras. — Можа ён датычны кірмашу, але мы не можам так рызыкаваць. Мы можам казаць пра сучаснае мастацтва, усе справы, што гатовыя пайсці на ўсё, але ў гэтым выпадку мы адказваем не толькі за сябе, але і за запрошаных удзельнікаў акцыі, якіх не хацелася б падводзіць пад артыкул”.
У Беларусі больш за 545 тысяч інвалідаў, але чаму мы не бачым іх на вуліцах горада? — задаюцца пытаннем арганізатары акцыі. Каб зразумець гэты парадокс на каляскі таксама сядаюць акцёры Fortinbras і ўся група пачынае рухацца ў бок “Стэлы”. “На гэтым шляху ўжо пачынаецца інсталяцыя”, — смяюцца ўдзельнікі, калі раптам натыкаюцца на прыступкі без пандуса каля Палаца спорту. Сямёра інвалідаў праскокваюць іх за некалькі хвілінаў, а вось акцёрам даводзіцца пазмагацца за спуск і ў выніку без дапамогі ўсё ж не атрымліваецца.
Інвалід-калясачнік: Я ніколі не думаў, што пакатаюся на сёрфінгу!
“Калі мы толькі пачыналі сустракацца, яны казалі, што часам ім даводзіцца проста скакаць, выконваць акрабатычныя эцюды, — распавядае пра ўзнікненне ідэі для падобнага перформансу адна з арганізатараў. — Для мяне было шокам, што прыкладна траціна з тых, хто прыехаў на сустрэчу, была ў гіпсах. Яны распавядалі пра бардзюры, пра сацыяльнае таксі, якое занадта высокае, і людзі з яго проста часам падаюць…”.
На скрыжаванні перад “Стэлай” запланавана масава перайсці дарогу на калясках і, пакуль гарыць зялёны, расцягнуць плакат з надпісам “Калі мы вам перашкаджаем, тэлефануйце па нумары выканкамаў”. Але моцны вецер зацягвае працэс, утвараецца корак з машын і з’яўляецца прадстаўнік ДАІ. На наступным “зялёным” усе ўдзельнікі вяртаюцца на тратуар, дзе афіцэр перапісвае дадзеныя адной з удзельніц.
“Трэба будзе — аформім, — адказвае на пытанне, ці будзе складацца пратакол супрацоўнік ДАІ, а ў гэты момант з рацыі чуецца: “Забяспечыць бесперапынны праезд грамадскага транспарту і прадухіліць утварэнне затораў”.
- Еўрарадыё: А хто будзе вырашаць, ці трэба афармляць?
- ДАІ: Я вам гэта каментаваць не буду?
- Еўрарадыё: А хто будзе?
- ДАІ: Прэс-служба.
- Еўрарадыё: А як вы самі лічыце, ці трэба прыбіраць бардзюры на пераходах, каб у калясачнікаў таксама была магчымасць імі карыстацца?
- ДАІ: Я ж вам сказаў, што ўсе каментарыі ў прэс-службе ГУУС.
Наступная задача: сесці ў аўтобус і дабрацца да гіпермаркета “Замак”. Зноў жа самастойна на калысцы зрабіць гэта вельмі складана. Толькі гады трэніровак дазваляюць адзінкам пераскочыць адлегласць у сантыметраў 40-50 паміж бардзюрам і аўтобусам. Пры гэтым, маючы такую магчымасць кіроўца неяк забываецца спусціць узровень прыступкі ніжэй. Пра гэту функцыю ён узгадвае толькі на выхадзе, але і гэта не ратуе ад выскоквання з аўтобусу “з разгону”.
“Наступны перформанс сімвалізуе ізаляванасць людзей з інваліднасцю, якія нібы знаходзяцца за шклом, — распавядае аўтар ідэі Вераніка. Сутнасць у тым што на вітрыне з’яўляюцца манекены на калясках, а адзін з іх старшыня лідскай асацыяцыі інвалідаў Саша Аўдзевіч. — Усе крамы адмовіліся дапамагчы з гэтым праектам, дзяржаўныя ГУМ, Няміга і іншыя ўвогуле слухаць нават не сталі, маўляў, нас такія акцыі не цікавяць. Адзіная крама — “5th avenue” пагадзілася ў апошні момант”.
Інвалід-калясачнік: Заўсёды думаю пра прыбіральні, гэта сур’ёзная праблема
Некалькі чалавека на калясках і яшчэ столькі ж без іх у адным месцы прыцягваюць увагу аховы “Замка”.
“Хлопцы, а ў чым мэта вашага… з’езду, — папярэдне павіншаваўшы з калядамі пераходзіць да справы ахоўнік. — Не, праблемаў няма, але ў нас заўсёды ўзнікаюць пытанні, калі нейкія незразумелыя грамадствы пачынаюць збірацца… Вы зразумейце правільна, бо на сённяшні дзень гэта грамадскае месца, таму, калі проста пасядзець, то пытанняў няма, але, калі ёсць нейкія пытанні, то ў нас гэта вырашаецца праз кіраўніцтва”.
У прынцыпе, усё зразумела. Таму вырашана не затрымлівацца і ўсё ж паспрабаваць шчасця ля аўтазака на Нямізе.
У метрах трох ад аўтамабіля стаяць біяпрыбіральні, трапіць у якія інвалідам-калясачнікам няма ніякай магчымасці. Удзельнікі перформансу выстройваюцца ў чаргу, расцягнуўшы плакаты з надпісам “Хачу ў туалет”. Супрацоўнік у цывільным з’яўляецца імгненна.
Маўляў, “я разумею, што гэта сур’ёзнае пытанне, але плакаты прыбярыце, бо гэта акцыя несанкцыянаваная, а не прыбярэце, паедзем у аддзяленне”. Спрачацца з такімі довадамі складана і ўсе рушаць у кінатэатр “Беларусь”, на прыступках якога плануецца перформанс у падтрымку інвалідаў па зроку і слыху. А міліцыянты перадаюць па рацыі накірунак руху.