ІП у Гомелі: Мы ж не лезем у такі бізнес, як беларуская папая і крэветкі
Частка пратэстуючых прадпрымальнікаў Гомеля пагадзілася на перамовы з уладамі ў Доме культуры "Юнацтва".
Як паведамляла Еўрарадыё, 18 студзеня а 16-й гадзіне прадпрымальнікі сабраліся на стыхійны мітынг каля аблвыканкаму. У ім прынялі ўдзел каля 500 прадпрымальнікаў.
Праз некаторы час да іх выйшаў намеснік старшыні аблвыканкама Баляслаў Пірштук і прапанаваў прайсці для перамоваў у ДК. Паводле інфармацыі БелаПАН, прыкладна палова прадпрымальнікаў прайшла ў актавую залу Дома культуры, астатнія вырашылі чакаць вынікаў на ганку аблвыканкама.
На сустрэчы чыноўнік падкрэсліў, што законы прымаюць парламент і прэзідэнт, а на месцах іх можна толькі абмяркоўваць і рабіць прапановы.
Ад імя ІП выступіў сябра рады прадпрымальнікаў рынку "Давыдаўскі" Сяргей Каўпакоў. Ён выказаў меркаванне, што законы, якія абмяжоўваюць дзейнасць ІП прымаліся з ініцыятывы прадстаўнікоў буйнога бізнесу. "Гэта ўсё роўна як ваўку даверыць ахову авечак", — заявіў прадпрымальнік.
Каўпакоў нагадаў, што ў Гомельскай вобласці працуе 28 тысяч ІП, і гэтыя людзі сёння не ведаюць, што рабіць і куды ісці. "Я не супраць плаціць падаткі, але каб гэта было так, каб потым ні адзін Швондзер не мог падысці і нешта патрабаваць. Я ж не лезу ў беларускі бізнес — такі як беларускія крэветкі і беларуская папая", — паведаміў ён.
Ён нагадаў прадстаўнікам улады пра гарадскія праблемы, у тым ліку цвіль на сценах у палатах дзіцячай бальніцы, а таксама гнілую гомельскую каўбасу і мясцовых чыноўнікаў, якіх за гэта пасадзілі.