“Іпэшнікі” закрываюць гандлёвыя кропкі — няма тавару, няма выручкі!
Месяц прадпрымальнікі жывуць па новых правілах.
З 1 ліпеня прадпрымальнікі павінныя мець на тавар дэкларацыі ці сертыфікаты. Цікавімся ў прадпрымальніцы мінскага гандлёвага цэнтра “Імпульс”, як змяніліся ўмовы працы за гэты месяц. Тая расказвае пра праверкі з падатковай, Мінгандлю і нават Дзяржстандарту.
“Маніторынг быў, кропкі правяралі, пісалі, што трэба зрабіць. Прыватных унітарных прадпрыемстваў бачылі колькі закрылі? Няма каму працаваць. Цяпер на “Імпульс” цяжка знайсці прадаўца, выручак такіх няма. Людзі хочуць заробак 6-7 мільёнаў, але прабачце. З якога, калі няма выручкі?”
Сапраўды, многія кропкі проста закрытыя. На другім паверсе гандлёвага цэнтра прадаюць вопратку ды абутак, тут яшчэ ёсць людзі. На пустых ралетах вісяць аб’явы “Здам у арэнду” , “Распродаж”, “Адпачынак” ці “Шукаю прадаўца”.
На трэцім паверсе “Імпульса” — цішыня. Прадаўцы збіваюцца ў кучкі пагаварыць, адзінокіх наведнікаў праводзяць уважлівымі позіркамі. Мо пакупнік?
Распрадаюць летнія рэчы: майкі ды штаны па 70-100 тысяч, басаножкі са штучнай скуры — па 50-70 тысяч рублёў.
Цікавімся, ці пачалі прадпрымальнікі закупацца на аптовых базах.
Таваравед з “Гандальвопраткі” Алена кажа, што быццам бы прадпрымальнікі цікавяцца па тэлефоне. У аддзеле збыту “Пінскага трыкатажу” асаблівай актыўнасці ці новых кліентаў таксама не назіраюць.
У рэгіёнах сітуацыя на кірмашах таксама незайздросная. У выходныя гандаль быццам бы ёсць, але многія збіраюцца закрывацца. Пра гэта расказвае Еўрарадыё актывістка грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Святлана. Сама яна гандлюе бялізнай ды купальнікамі.
“Тавару няма! Да сакавіка ёсць час распрадацца. Ніхто не замінае, не чапае. Але я з жахам чакаю верасня — людзі пачнуць апранацца, да мяне ўвогуле ніхто не падыдзе, — перажывае Святлана. — Я працую з сяброўкай, і яна кажа: “Света, я болей не магу”. І ведаеце што? Яна са жніўня надумала ліквідавацца. Такіх выпадкаў многа. Да гэтага ідзе. Уладам мы непатрэбныя ніякія — ні з сертыфікатамі, ні з дакументамі”.
Дарэчы, Святлана спробаў знайсці тавар з дакументамі не кідае. Абзвоньвае фірмы, шукае пастаўшчыкоў. Нават ездзіла ў Маскву, каб знайсці кропку з дакументамі. Безвынікова. У расіян няма нават касавых апаратаў, а гаворка ідзе пра накладныя ды сертыфікаты!
“Аб’ездзіла некалькі фірм, выдаткавала на гэта немалую суму грошай, але прыехала пустая! Вы можаце сабе ўявіць, каб я прыехала без нічога?” — пытаецца Святлана. Па яе словах, у Расіі дзейнічаюць свае сертыфікаты, на агульныя ўмовы краін-удзельнікаў Мытнага саюза ніхто не звяртае ўвагі.
Паводле прагнозаў прадпрымальніка, можа скласціся такая сітуацыя, калі спажыўцу будзе прасцей і танней самому сесці на цягнік і паехаць да ўкраінцаў ці расіян на закупы, чым набыць тавар дома.
Лідар “Перспектывы”Анатоль Шумчанка кажа, што зацішша сярод прадпрымальнікаў зразумелае: спёка, натуральна, продаж падае. А таму лепей пайсці ў адпачынак. Ён прызнае, што пачалі скарачацца працоўныя месцы. “Пра такую сітуацыю мы папярэджвалі даўно, яшчэ ўвесну. Вось яны, першыя адгалоскі. І што, дзяржава хоча сказаць, што яна ў выйгрышы ад таго, што так упарадкавала працу прадпрымальнікаў? Мы стваралі да 100 працоўных месцаў. А цяпер яны закрываюцца. Усё закрытае — гэта грошы. Гэта падаткі, якія недаатрымае дзяржава”.
Ён нагадвае пра летні форум прадпрымальнікаў, калі было вырашана разам з чыноўнікамі дапрацаваць указ прэзідэнта. А пакуль прапанаваўся мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах дзеяння тэхрэгламенту Мытнага саюза. Але сітуацыя ніяк не змянілася.
“Сітуацыя канфліктная. Ёсць група прадпрымальнікаў, якая сустракаецца з чыноўнікамі, але ніякага выніку пакуль няма”.
Увосень прадпрымальнікі збіраюцца на новы форум.