Ірландская спявачка Шынейд О'Конар прыняла іслам і змяніла імя
Ірландская спявачка Шынейд О'Конар адмовілася ад хрысціянства (яна была каталічкай), прыняла іслам і змяніла імя, інфармуе meduza.io. Цяпер яна — Шухада Давіт (год таму О'Конар змяняла імя і прозвішча на Магду Давіт). "Гэта натуральнае заканчэнне падарожжа любога разумнага тэолага. Вывучэнне ўсіх святых кніг прыводзіць да ісламу. Што робіць усё астатнія святыя пісанні залішнімі", — заявіла яна.
Шынейд О'Конар раней неаднаразова трапляла ў скандальныя гісторыі, у тым ліку і тыя, што звязаныя з рэлігіяй. У тэлеэфіры яна парвала фота Папы Рымскага Яна Паўла II, пратэстуючы супраць педафіліі сярод каталіцкіх святароў. У 1999-м каталіцкая секта ірвінгіян зрабіла спявачку... святаром, але Рыма-каталіцкая царква цырымонію не прызнала.
Яшчэ год таму спявачка прызналася ў шматгадовай дэпрэсіі, жаданні скончыць жыццё самагубствам і адзіноце. Ёй давялося звяртацца да псіхолага.