Ірына Халіп: Лісты жонкам Пуціна і Мядзведзева перадаю праз амбасадараў

Адкрыты ліст журналісткі і жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава надрукаваны ў сённяшнім нумары расійскай “Новай газеты”. Яна звяртае увагу Людмілы Пуцінай і Святланы Мядзведзевай на тое, што сітуацыя, у якую трапіў Андрэй Саннікаў, крытычная. “Беларускія спецслужбы робяць усё, каб ператварыць мяне ва ўдаву, а нашага сына – ў сірату”, піша Ірына Халіп. Яна просіць жонак расійскага прэзідэнта і прэм’ера пераканаць сваіх мужоў запатрабаваць ад Лукашэнкі вызвалення Саннікава і іншых палітвязняў.

Нагадаем, што Андрэй Саннікаў быў асуджаны “за арганізацыю масавых беспарадкаў”. Ён атрымаў пяць гадоў калоніі. За кратамі знаходзіцца з 19 снежня 2010 году – дня прэзідэнцкіх выбараў.

Еўрарадыё: Вы верыце ў тое, што жонкі Пуціна і Мядзведзева паўплываюць на Аляксандра Рыгоравіча?

111003 HalipS.mp3

Халіп: Я веру. Я заўсёды веру ў тое, што чагосьці можна дамагчыся, калі хоць нешта рабіць. Калі нічога не рабіць і думаць, дзе мы, а дзе яны, то гэта, напэўна, не можа быць паспяховым. Тады сапраўды нічога ніколі не будзе. А калі паглядзець на высокую-высокую сцяну і паспрабаваць на яе ўскараскацца, то, ведаеце, у некаторых наіўных гэта можа атрымацца, калі яны спрабуюць.

Еўрарадыё: Як вы паслалі гэтыя лісты? Ці дойдуць яны да адрасатаў, ці ёсць шанец, што іх прачытаюць або вы іх надрукавалі як адкрытыя лісты?

Халіп: Лісты, вядома, пойдуць. Дастаўку лістоў да адрасатаў Людмілы Пуцінай і Святланы Мядзведзевай жалезна забяспечыць галоўны рэдактар "Новай Газеты" Дзмітры Мурата. Лісты да першых асоб Заходніх дзяржаваў я сёння-заўтра перадаю праз амбасадараў гэтых краін у Беларусі.

Еўрарадыё: А спадарыні Меркель чаму не напісалі?

Халіп: Я вырашыла не палітыкам, а жонкам палітыкаў напісаць.

Еўрарадыё: Тады спадару Заўэру, мужу спадарыні Меркель, каб ён паўплываў на жонку.

Халіп: Я звяртаюся як жанчына, як жонка, як маці таксама для жанчын, жонак, маці. Гэта не тая сітуацыя, калі сваім лістом трэба закрыць кожную краіну на еўрапейская мапе. Я думаю, што гэта і так дастаткова гучная акцыя, якая не застанецца без увагі.

Еўрарадыё: Ці спрабавалі вы звяртацца да жонак беларускіх чыноўнікаў?

Халіп: Абсалютна не, бо я ведаю дакладна, што прадстаўляюць сабой дакладна нашы беларускія чыноўнікі. Іхныя жонкі цудоўна разумеюць, што толькі пакуль іх мужчыны маўчаць, толькі да гэтага часу яны займаюць свае пасады і забяспечваюць сваім жонкам камфорт. 

Фота: daylife.com, bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі