Ірына Мазюк: Кніга Лянкевіча — катастрофа для беларускіх этнографаў
Андрэй Лянкевіч прэзентаваў Беларусі фотаальбом "Паганства" і папрасіў прабачэння ў "Будзьмы".
"Бо менавіта з кампаніяй "Будзьма" мы пачыналі рабіць гэтыя фотаздымкі, —
распавёў на прэзентацыі кнігі Андрэй Лянкевіч. — І яны з
задавальненнем ставілі мае фотаздымкі і рэпартажы на сваю старонку.
Вялікі ім дзякуй, і прашу прабачэння, што забыў напісаць пра іх у сваёй
кнізе".
Так, паміж першай фотавыставай Лянкевіча, прысвечанай беларускаму паганству, і выпускам фотаальбома прайшло больш за два гады.
Акрамя традыцый і абрадаў, якія Андрэй Лянкевіч
захаваў на фота для сваёй кнігі, мастак пайшоў яшчэ далей — даследаваў
птушак, жывёл, сакраментальныя беларускія прадметы, капішчы, камяні.. Да
таго ж, у кнізе дэтальна патлумачана, чаму ўзятыя менавіта гэтыя ці
іншыя аб’екты і якую ролю гэта адыгрывала ў нашай старажытнай беларускай
культуры.
Андрэй Лянкевіч
Дарэчы, менавіта "Жаніцьба коміна", які мае тысячагадовую гісторыю, — гэта першы абрад, які быў унесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Так, госця з Палесся Кацярына Панчэня распавяла пра тое, як адбываўся абрад "Жаніцьба коміна", і разам з астатнімі жанчынамі праспявала некалькі абрадавых рытуальных песень.
Кацярына Панчэня
Ірына Мазюк
У падарожжах па беларускаму Палессю аўтары кнігі "Паганства" сустракалі шмат цікавых міфічных з’яваў, рэдкіх, дагэтуль не бачанных птушак, дрэваў, камянёў. Ірына Мазюк
узгадала, як калісьці, шмат гадоў таму, існавала павер’е, што нельга
глядзець на сонца праз кавалачак шкла — інакш змей прыляціць! Альбо як
дзеці баяліся ценю дрэваў у поцемках і верылі, што дрэвы ў начы
становяцца ворагамі.
Працэс міфалагізацыі адбываецца і зараз, лічыць Ірына Мазюк, варта проста звяртаць на гэта ўвагу:
Ірына Мазюк: "Неяк мы паехалі ў госці да Кацярыны Панчэні, якая тут запявала сёння. І даведаліся, што да іх ў вёску, што на беразе Прыпяці,
сёлета прыляцелі нейкія дзіўныя птушкі. Увесь час мы чулі незвычайны
гук “чы-чы-чы” недзе высока ў дрэвах, і ўсё ніяк не маглі пабачыць гэтых
птушак. Ужо пад восень мы нарэшце іх знайшлі — нешта паміж галубамі і
качкамі. Але жыхары вёскт верылі, што прыляцелі нейкія няпростыя,
міфічныя жывёлы."
Андрэй Лянкевіч: "Сапраўдныя
народныя спевы вельмі блізкія да рытмаў нашых сэрцаў. І калі мы чуем
мелодыі, якім ужо тысячы гадоў, гэта вібруе разам з намі і дадае нам
гадоў жыцця. Спадзяюся, што гэтыя 15 хвілінаў спеваў дадалі вам усім па
некалькі гадзінаў".