Іспанцы хочуць змяніць часавы пояс і аддаліцца ад Беларусі яшчэ на гадзіну
Мяркуецца, што гэта дасць новы стымул эканоміцы, і дазволіць людзям не заседжвацца на працы.
Дэпутаты парламента Іспаніі ўсур’ёз задумваюцца аб тым, каб змяніць часавы пояс краіны. Мяркуецца, што гэта дасць новы стымул эканоміцы, піша Deutsche welle.
“Мы мусім стварыць новыя звычкі, якія дазволяць нам палепшыць нашу прадукцыйнасць і ў той жа час забяспечаць працай і асабістым жыццём”, — кажа Ігнасіа Букерас, прэзідэнт Нацыянальнай камісіі па рацыяналізацыі іспанскага часу.
Калісьці Іспанія была ў адным часавым поясе з Марока, Партугаліяй і Вялікабрытаніяй. Але падчас вайны разам з іншымі краінамі перайшла на сярэднееўрапейскі час (на гадзіну менш чым у Беларусі летам, і на дзве — зімой). Пасля вайны большасць краін вярнуліся да свайго ранейшага часу. У той час як Іспанія, па рашэнні дыктатара Франка, які кіраваў краінай да 1970-х, так і засталася з “ненатуральным” для сябе часам.
Таму цяпер Камісія падрыхтавала дакумент, які прапануе шэраг мер па скарачэнні працоўнага дня ў Іспаніі, які можа цягнуцца да 8 вечара. The Washington Post цытуе некаторыя з высноваў, да якіх прыйшлі аўтары дакумента:
“Часавы пояс аказвае негатыўны ўплыў на многія паказчыкі прадукцыйнасці, спрыяе развіццю стрэсу, росту колькасці няшчасных выпадкаў на працоўным месцы і росту лічбы вучняў, якія кідаюць школу”.
Але чаму іспанцы сядзяць на працы аж да позняга вечара? Магчыма, з-за абавязковага абеду, які забірае некалькі працоўных гадзін.
“Я ведаю людзей у ЗША і Вялікабрытаніі, якія могуць паабедаць за гадзіну, нават перад камп’ютарам з’ядаюць свой бутэрброд. А ў Іспаніі абед гэта рэальны перапынак, вельмі доўгі”, — адзначае Хасэ Луіс Нар’ега, сістэмны аналітык з Мадрыда.
Яшчэ іспанскія работнікі заседжваюцца на працы з-за так званага “прэзентэізму”: гэта значыць, што яны не хочуць выходзіць з працы раней за свайго кіраўніка.
Пры ўсім гэтым спадзявацца на “часавую рэвалюцыю” ў Іспаніі, хіба, не варта. Бо для гэтага прыйдзецца перакроіць нацыянальныя традыцыі іспанцаў, што нялёгка нават у час, калі эканоміка стогне і патрабуе ахвяраў. Сярод іншага, трэба будзе змяніць расклад тэлебачання і перанесці папулярныя тэлешоў на пару гадзін раней, бо цяпер яны звычайна заканчваюцца пасля паўночы.
Варта адзначыць, што пытанне пераводу гадзіннікаў з’яўляецца нацыянальным і ў Расіі, пра што гаворыць euronews. Тут плануюць вярнуць зімовы час, ад якога адмовіліся ў 2011 годзе. Цяпер жа, напярэдадні алімпіяды ў Сочы, хочуць наблізіць час да еўрапейскіх краін. Месяц таму ў дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь казалі, што не збіраюцца вяртаць зімовы час. Але як яно будзе на самой справе, пакуль ніхто не ведае, бо ўсё залежыць ад Расіі.
Фота: 1tvnet.ru