IT-кампанія звазіла супрацоўнікаў мінскага офіса на прышчэпку ў Кіеў
Супрацоўнікаў мінскага офіса Gismart у Кіеве прышчапілі вакцынамі Pfizer і Moderna / Reuters
IT-кампанія Gismart прышчапіла 75 супрацоўнікаў мінскага офіса вакцынамі Pfizer і Moderna. Вакцынацыю ўдалося арганізаваць падчас камандзіровак у Кіеў, расказвае партал dev.by.
У мінскім офісе кампаніі пакуль менш за ўсё вакцынаваных супрацоўнікаў. Прышчэпленая толькі палова работнікаў. У офісе ў Кіеве вакцынаваныя каля 70%, у Лондане прышчэпленыя ўсе 100% супрацоўнікаў.
Мінскіх работнікаў вакцынавалі падчас паездкі на карпаратыўнае мерапрыемства ў Кіеў. Прычым паездка была спланаваная такім чынам, каб мінчане змаглі атрымаць абедзве дозы прышчэпкі.
У Gіsmart кажуць, ахвотных магло быць і больш, але да таго моманту частка супрацоўнікаў мінскага офіса ўжо была прышчэпленая з дапамогай кітайскай Vero Cell і "Спутника V", якія даступныя ў Беларусі.
Раней чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі дапускалі, што ў Беларусі могуць з'явіцца і заходнія вакцыны, аднак Аляксандр Лукашэнка днямі заявіў, што не бачыць сэнсу завозіць у Беларусь заходнія прэпараты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.