Ізраіль выпусціў з турмаў 39 палестынцаў, каб вярнуць дадому сваіх палонных
Сектар Газа
Трыццаць дзевяць палестынскіх зняволеных былі вызвалены з ізраільскіх турмаў у абмен на групу закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС, піша BBC.
У спісе вызваленых — 24 жанчыны і 15 хлопчыкаў-падлеткаў. Злачынствы, у якіх іх вінаваціць Ізраіль, вельмі розныя: ад кідання камянёў да спробы забойства.
Ізраіль склаў спіс з 300 жанчын і непаўналетніх, пагадзіўшыся адпусціць частку чалавек з яго. Асуджаны былі меней за чвэрць фігурантаў гэтага спіса, большасць жа знаходзіліся пад вартай у чаканні суда.
Чатырохдзённая паўза
Раней на гэтым тыдні Ізраіль і ХАМАС дасягнулі пагаднення пра вызваленне 50 закладнікаў, што ўтрымваюцца ў сектары Газа. Пакуль што ХАМАС вызваліў трынаццаць ізраільскіх закладнікаў. Усе яны ўжо вярнуліся ў сваю краіну.
Па гэтым пагадненні з ізраільскіх турмаў павінны выйсці 150 палестынцаў. Апроч таго, па пагадненні значна павялічыцца аб'ём гуманітарнай дапамогі ў Газу. У пятніцу з Егіпта туды ўжо прыбыло каля 60 грузавікоў з медыкаментамі, палівам і прадуктамі харчавання.
Пагадненне пра прыпыненне агню Ізраіль і ХАМАС склалі пры пасярэдніцтве Катара. Па гэтым пагадненні ў баявых дзеяннях наступіла чатырохдзённая паўза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.